Цэрквы XVII-XVIII стагоддзяў масава знішчаюць сайдынгам?

Чыноўнікі і будаўнікі лічаць, што так больш прыгожа, а некаторыя бацюшкі кідаюць напаўразбураныя старыя храмы і будуюць новыя побач. ФОТА “Царкву ўжо даўно зрабілі. Абшылі сайдынгам. А што, гэта дрэнна? — разважае старшыня Маларыцкага райвыканкама Казімір Лапіч. — Там жа з боку і не адрозніш, ці то гэта вагонка, ці то гэта сайдынг. Знешне адно іншае паўтарае. Будаўнікі, напэўна, хацелі, каб было больш прыгожа і надзейна. У мяне ўсе помнікі культуры, а гэта сем цэркваў, прыведзеныя ў нармальны стан, і няма праблем,”— гэтак чыноўнік расказвае пра старажытную царкву ў вёсцы Хоціслаў Маларыцкага раёну.

Драўляная царква ў вёсцы Хоціслаў зрабілася пластыкавай

На думку старшыні райвыканкама, будаўнікі проста хацелі ўпрыгожыць царкву сайдынгам. Толькі пасля крытыкі ў газеце “Вячэрні Брэст” чыноўнік нібыта зразумеў, што зроблена.

Казімір Лапіч: “Проста трэба выпрацаваць пазіцыю. Каб сказалі, што гэтага рабіць нельга. Каб усе ведалі, мы ведалі — то, напэўна, так бы не рабілі. А так больш ніхто гэтага пытання па помніках культуры не абазначаў. Таму такое адбываецца. Будзем ведаць, што гэта тэма, якая патрабуе ўвагі”.

Як даведалася Еўрарадыё, абшыўка старажытных цэркваў сайдынгам — не адзіны выпадак, а распаўсюджаная з’ява. Даследчыкі гістарычных помнікаў Глеб Лабадзенка і Андрэй Дыбоўскі аб’ехалі ўсю краіну і зафіксавалі факты злачынных “еўрарамонтаў”. Царква вёскі Порплішча Віцебскай вобласці паўстала аж у 1627 годзе. Яе верхнюю частку абшылі сайдынгам, магчыма, загубіўшы старую драўніну.

Верх царквы ў  Порплішчы Докшыцкага раёну абшылі кустарным сайдынгам у мінулым годзе

“Літаральна ў гэтым годзе святар знайшоў грошы на “еўрарамонт” — абшыў верхнюю частку царквы сайдынгам, — расказвае Еўрарадыё Глеб Лабадзенка. — І мы не ведаем, ці застаўся пад гэтым сайдынгам аўтэнтычны матэрыял, тое самае дрэва. Царква ўнікальная па трох момантах. Яна — адзін з васьмі самых старажытных беларускіх драўляных храмаў. Па-другое, у ёй захаваўся ўніяцкі алтар. Калі паглядзець на гэтую царкву збоку, то яе барабан нахілены, як у Пізанскай вежы. Таксама у вёсцы Засулле Стаўбцоўскага раёна ёсць прыклад абшыўкі сайдынгам гістарычнага помніка. У Пінскім раёне ёсць некалькі “ўпрыгожаных” цэркваў”.

На думку экспертаў, “еўрарамонт” супярэчыць усім законам.

“Па сусветнай канвенцыі, якая тычыцца архітэктуры, гэта парушэнне ўсіх правілаў, — працягвае Глеб Лабадзенка. — Цэрквы ўсё роўна абшываюцца сайдынгам. Святары гэта пазіцыянуюць як добры рамонт, а знаўцы архітэктуры проста з жахам хапаюцца за галаву”.

Другая з’ява — вось-вось зруйнуецца царква 1678 года ў вёсцы Вістычы Брэсцкай вобласці, а мясцовы бацюшка, айцец Мікалай, замест таго, каб аднавіць святыню, вырашыў збудаваць новую царкву ў суседняй вёсцы.

Царква ў Вістычах, 2002 год. А сёння, каля ад святыні адмовіліся бацюшкі, яна на вачах руйнуецца

“Ён бегае, каб участак далі пад царкву, — абураецца старшыня мясцовага Чарнаўчыцкага сельсавета Аляксей Алесік. — Быў калісьці першы бацюшка, ён у Матыкалах царкву пабудаваў. А на гэтую царкву ўвагі не звяртаў. А зараз другі  прыйшоў — сабе таксама вырашыў у іншым месцы будаваць”.

На думку старшыні сельсавета, царкоўныя ўлады павінныя звярнуць на гэта ўвагу.

“Гэта царкоўны прыход, які склаўся гістарычна, з могілкамі. Тут усё засталося так, як было ў старажытнасці. Гэта сур’ёзная пабудова”.
ЕРБ: “Што рабіць, каб царква ўвогуле не зруйнавалася?”
Аляксей Алесік: “На яе павінны звярнуць увагу царкоўныя ўлады”.

Царква ў Олтушы Маларытскага раёна 2004 год. Да абшыўкі сайдынгам.

З развіццём турызму на ўнікальных драўляных цэрквах дзяржава магла б зарабіць мільёны долараў. Але з-за бязглуздага "еўрарамонту" мы губляем не толькі грошы, але і гістарычную спадчыну.

Фота labadzenka.by і globus.tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі