Цэны на святочныя ружы мінчанам накручвае Галандыя?

Калі ў звычайны дзень галандская ружа оптам каштуе 1 еўра, перад святам яе прадаюць па 2-3 еўра. Еўрарадыё заўважыла, што ў Мінску ружы пасля свята каштуюць 18 тысяч. А Мінгарвыканкам цэны на камерцыйныя кветкі не кантралюе, бо яны не лічацца таварам першай неабходнасці Цэны ў кветкавых крамах пасля 8 сакавіка засталіся такім ж высокімі, як і ў святочны дзень: ружы каштуюць 9-18 тысяч, цюльпаны – 5 тысяч (хаця ў звычайны дзень яны каштавалі 3000-3500). Два тыдні таму мэр сталіцы Міхаіл Паўлаў казаў, што Мінгарвыканкам павінен нейкім чынам узяць сітуацыю пад кантроль. Але сёння ва ўпраўленні цэнаўтварэння гэту інфармацыю адмаўляюць.

Упраўленне цэнаўтварэння Мінгарвыканкаму: Няпраўда, ніхто не збіраўся рэгуляваць кошты, і па цэнах вольная пазіцыя. Памер гандлёвай надбаўкі ўстанаўліваецца з-за кан’юктуры рынку. Гэта пазіцыя Мінэканомікі, а не наша.

Таму рэгуляваць цэны на камерцыйныя кветкі ніхто не будзе. На пытанне, чаму ружы каштуюць 18 тысяч, прадавец кветак Святлана кажа Еўрарадыё, што гэта ўсё Галандыя, якая напярэдадні 8 сакавіка падымае кошты.

Святлана: Нельга казаць, што нас ніхто не кантралюе. Да нас часам прыходзіць падатковая і правярае цэннікі на кветках з тымі, якія напісаныя ў накладной, а цэны ў нас утвараюцца паводле рынку і попыту.

Дырэктар васьмі кветкавых крам Дзмітрый кажа, што адзінай фіксаванай цаны на ружу ў Галандыі няма: можна купіць менш за 1 еўра ў звычайны дзень, а можна і за 2-3 еўра – на святы. Па словах Дзмітрыя, у яго крамах нельга купіць беларускую ружу, бо галандскай яна прайграе ў таварнай прывабнасці ды каштуе даражэй.

Дзмітрый: У нашых няма ніякага таварнага выгляду і ніякага асартыменту. І яшчэ цэнаўтварэнне… Калі ў нас ружа такой жа якасці з Галандыі выходзіць у два разы танней, чым тая, якую нам прапаноўвалі беларускія цяпліцы.

Як даведалася Еўрарадыё, цэны на беларускія ружы на свята былі 5-7 тысяч. Прыватнікі палічылі іх занадта вялікімі, бо галандская ружа з усімі падаткамі абыходзіцца ім у два разы танней.

Аднак дырэктар КУП “Кветкі сталіцы” Анатоль Лазіцкі лічыць, што цэны на іх кветкі вельмі нізкія: ружы 8 сакавіка каштавалі 5 тысяч 120 – 7 тысяч 200 рублёў. З заўтрашняга дня яны патаннеюць на 40-50%.

Анатоль Лазіцкі: Асноўны аб’ём нашай прадукцыі – мы вырошчваем расаду для горада. Але з мінулага года ў нас пачалася будаўніцтва новых цяпліц: 2 гектары дадаткова пад вырошчванне ружаў, і мы аб’ёмы зможам павялічыць недзе ў тры разы. Выцесніць камерцыйныя кветкі мы не зможам, але можам скласці канкурэнцыю.

Прадаўцы кветак гавораць, што кветкі, якія згубілі свой таварны выгляд, яны адразу ж спісваюць. Тым не менш, кожны з нас купляў букет, які праз некалькі гадзін звянуў. Еўрарадыё пацікавілася ў прадаўца Святланы, ці можна вярнуць назад такія кветкі.

Святлана: У прынцыпе, можна, але мы не прадаем такія кветкі, каб пасля былі прэтэнзіі. Мы ж тады згубім пастаянных кліентаў. Проста многія не ведаюць, як трэба даглядаць кветкі. Купяць іх, пасля гуляюць з імі на марозе некалькі гадзін, а потым прыходзяць дамоў і кажуць, што ў краме дрэнныя кветкі.

У гарадскім таварыстве правоў спажыўца кажуць, што кветкі вярнуць назад немагчыма, як і споднюю бялізну.

Таварыства правоў спажыўцоў: Ёсць пастанова 778, дзе кветкі не належаць вяртанню. Яшчэ нельга вярнуць панчошна-шкарпэткавыя вырабы, дываны, ніжнюю бялізну.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі