Цэнтр інтэлектуальнай уласнасці скасаваў рэгістрацыю "яйка" - брэнду МТС

3 траўня Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ) скасаваў рэгістрацыю ў Беларусі таварнага знака "МТС" з выявай чырвонага яйка.
"Мы лічым гэтае рашэнне абсалютна пазапраўным і неабгрунтаваным", — заявіў БелаПАН дырэктар прадстаўніцтва расійскага ААТ "МТС" у Беларусі Дзмітрый Ходас.


Пры гэтым ён падкрэсліў, што рашэнне абвешчанае, аднак не набыло моц. Гэта адбудзецца толькі пасьля заканчэння шасцімесячнага тэрміну пасля падання апеляцыйнай радай абгрунтавання рашэння. У сваю чаргу, абгрунтаванне павінна быць прадстаўленае цягам двух месяцаў.

"Гэта значыць, што рашэнне апеляцыйнай рады набудзе моц не раней, чым праз сем-восем месяцаў. Увесь гэты час таварны знак застаецца зарэгістраваным і выкарыстоўваецца правамоцна", — падкрэсліў прадстаўнік МТС.

Апеляцыйная рада НЦІУ пад старшынствам Наталлі Баркун прыняла рашэнне пасля разгляду заявы аўтараў мастацкіх твораў "Яйкаквадраты", вядомых дзеячаў беларускай культуры — паэта Алеся Разанава і мастака Віктара Маркаўца. 10 кастрычніка 2007 г. яны звярнуліся ў цэнтр са скаргай на рэгістрацыю ў Беларусі таварнага знака № 25.420 з выявай чырвонага яйка ў белым квадраце. На думку творцаў, ідэя брэнду была сплагіятаваная МТС з іх "Яйкаквадратаў".

8 траўня апеляцыйная рада абвесціць рашэнне па другой заяве аўтараў "Яйкаквадратаў", якія ў кастрычніку 2007 года звярнуліся ў цэнтр з пярэчаннямі супраць рэгістрацыі на тэрыторыі Беларусі таварнага знака № 25.419 з малюнкам белага яйка ў чырвоным квадраце.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі