BYPOL зладзіў праверку беларускім студэнтам у Чэхіі. Знайшлі сувязі з КДБ і МЗС

Калі тата ў МЗС, то з універсітэта вон? / unsplash.com
Калі тата ў МЗС, то з універсітэта вон? / unsplash.com

Ініцыятыва былых сілавікоў праверыла на "лукашызм" студэнтаў з Беларусі, якія вучацца ў замежных ВНУ. Чаму ўзнікла такая неабходнасць?

— Прыкладна месяц таму да нас звярнуліся прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Чэхіі, якія паведамілі нам, што чэхі хочуць выслаць дадому ўсіх беларускіх студэнтаў разам з расійскімі, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё прадстаўнік "Байпол" Аляксандр Азараў. — Яны [дыяспара] дасягнулі дамоўленасці, што напішуць гарантыйныя лісты на кожнага студэнта, дзе пацвердзяць, што ён не звязаны з рэжымам і яго веды не будуць выкарыстаныя ў інтарэсах рэжыму Лукашэнкі. Яны звярнуліся да нас па дапамогу ў верыфікацыі гэтых студэнтаў, паколькі мы адзіная арганізацыя, якая валодае навыкамі ў такой верыфікацыі. Мы маем доступ да баз звестак і самі працавалі ў гэтай сферы ў якасці аналітыкаў не адзін дзясятак гадоў.

— Мы атрымалі спіс з адзінаццаці студэнтаў, якіх праверылі на наяўнасць сувязяў з рэжымам, — працягвае Аляксандр Азараў. — У аднаго студэнта бацька супрацоўнік КДБ. У другога бацька служыць у Лукашэнкі ў МЗС. Мы не прымаем рашэнне, ці варта гэтага студэнта выключыць і выслаць або не варта. Гэтае рашэнне будзе прымацца чэшскім бокам. У залежнасці ад таго, як беларуская дыяспара прадставіць яго.

Мы не лічым, што кожны студэнт, у якога бацькі знаходзяцца на дзяржслужбе і з'яўляюцца лукашыстамі, будзе працаваць супраць нас. Выезд з Беларусі за мяжу дапамагае чалавеку набыць новыя веды і параўнаць пражыванне ў ЕС.

Нават калі чалавек лукашыст, ён выязджае за мяжу і бачыць, што адбываецца там. Таму што беларуская прапаганда не дазваляе яму ведаць, як уладкавана жыццё за мяжой. І ён, бачачы гэта, можа памяняць свае погляды і стаць паўнавартасным прадстаўніком беларускага грамадства ў новай Беларусі.

Я лічу, што рашэнне [аб высылцы] павінна прымацца ўзважана. Нельга адразу адлічыць студэнта. З ім трэба правесці гутарку. І ўжо ў залежнасці ад усіх сабраных фактараў прымаць рашэнне, — выказваецца байполавец.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі