Былы следчы, палітвязень Мікіта Старажэнка асуджаны на 7 гадоў зняволення
Мікіта Старажэнка пасля затрымання ў лютым 2022-га / Скрыншот з відэа
Былы следчы, палітвязень Мікіта Старажэнка асуджаны на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" і "незаконным зборы і распаўсюдзе інфармацыі аб прыватным жыцці" — абвінавацілі ў "зліве" кантактаў сілавікоў "пратэсным каналам". Крымінальную справу разглядаў Мінскі гарадскі суд. Прысуд у пятніцу агучыла суддзя Анжэла Касцюкевіч.
Пасля выбараў 2020 года Старажэнка звольніўся з СК і патлумачыў свой учынак негатоўнасцю "выконваць тое, што супярэчыць сумленню". Працаваў юрыстам. У 2021-м яго арыштоўвалі на 15 сутак за "несанкцыянаванае пікетаванне". Аляксандр Лукашэнка пазбавіў былога следчага звання старшага лейтэнанта юстыцыі запасу.
Мікіту Старажэнку затрымалі 1 лютага 2022-га. Пры гэтым ён быў моцна збіты. Неўзабаве праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.