Былы футбаліст заявіў у судзе, што не памятае, дзе закапаў у лесе $2000

Былы футбаліст заявіў у судзе, што не памятае, дзе закапаў у лесе $2000

Былы футбаліст заявіў у судзе, што не памятае, дзе закапаў у лесе 2000 долараў. У панядзелак суд Першамайскага раёна Мінска пачаў разгляд гучнай справы аб дамоўных матчах у беларускім футболе. Скандал выбухнуў у мінулым годзе. Гаворка ідзе пра пяць матчаў чэмпіянату Беларусі ў вышэйшай і першай лігах, у Кубку Беларусі.

Як інфармуе “Прессбол”, Юрый Сыраквашка патлумачыў у судзе, што ўкраінскія партнёры “арганізоўвалі” дамоўны матч паміж камандамі “Прамень” і “Ашмяны” (2 ліпеня 2016 года, першая ліга, вынік — 3:3). “Прамень” павінен быў прайграць першы тайм, але выйграць матч. У выніку ўдалося толькі прайграць першы тайм, перамогу здабыць неўдалося. Таму Сыраквашка атрымаў ад украінскага прадстаўніка толькі 2 тысячы долараў.

“Па дарозе дахаты на аўтамабілі пабачыў, што затрымлівалі футбалістаў “Ашмянаў”, — расказвае Юрый Сыраквашка. — У выніку запанікаваў, разумеў, што ў мяне на руках грошы. Іх у выніку закапаў у лесе”. Падчас следства ён пра гэты эпізод не згадаў, нібыта, “забыўся”. Не змог ён успомніць і месца ў лесе, дзе пакінуў долары.

У спісе абвінавачаных 15 чалавек. 9 з іх абвінавачваюць у атрыманні грошай “за аказанне ўплыву на вынікі спаборніцтва”, ім пагражае штраф, папраўчыя працы на тэрмін да 2 гадоў, ці арышт, альбо абмежаванне волі — да 3 гадоў, ці пазбаўленне волі на той жа тэрмін. 6 чалавек абвінавачваюць у здзяйсненні тых жа дзеянняў, але здзейсненых паўторна. Ім пагражае штраф, абмежаванне волі — да 4 гадоў, пазбаўленне волі на той жа тэрмін, з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю (альбо без пазбаўлення). Усе абвінавачаныя прызналі сваю віну.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі