Былога дырэктара Добрушскай аўтабазы асудзілі на сем гадоў зняволення

На сем гадоў зняволення асуджаны былы дырэктар аўтабазы Добрушскага райспажыўсаюза 49-гадовы Васіль Кажамякін за злоўжыванне службовым становішчам і прысваенне маёмасці амаль на 54 мільёны рублёў. Калегія па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда адхіліла касацыйную скаргу былога кіраўніка аўтабазы на прыгавор суда першай інстанцыі.

У судзе былі пацверджаны высновы следства аб тым, што Кажамякін, з'яўляючыся кіраўніком аўтабазы, падпісваў фінансавыя дакументы на атрыманне розных запчастак да аўтамашын, аднак да рамонтнай майстэрні яны не даходзілі.

Дырэктар прымушаў падначаленых складаць фіктыўныя дакументы на спісанне запасных частак і гаруча-змазачных матэрыялаў. Агульная сума ўрону, нанесеная аўтабазе яе кіраўніком, склала амаль 54 мільёны рублёў.

Суд таксама вырашыў канфіскаваць у былога дырэктара маёмасць для частковага пагашэння страт аўтапрадпрыемства.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі