Бяспошлінныя ліміты на пасылкі: У Расіі — 1000€, Малдове — 300€, Грузіі — 125€

Бяспошлінныя ліміты на пасылкі: У Расіі — 1000€, Малдове — 300€, Грузіі — 125€

У Беларусі ў красавіку ўвядуць новыя ліміты на атрыманне міжнародных пасылак. Цяпер тыя, мытны кошт якіх перавышае 22 еўра, а вага — 10 кг, будуць абкладацца падаткам у 30% (але не менш за 4 еўра за кг). Раней абмежаванне складала 200 еўра і 31 кг.

Якія ліміты на бяспошліннае атрыманне міжнародных пасылак у нашых суседзяў?

Ва Украіне пошліна не накладаецца на пасылкі з-за мяжы, якія каштуюць менш за 150 еўра. Цікава, што колькасць такіх пасылак можа быць неабмежаванай. У выпадку перавышэння ліміту і вагі разлічваецца пошліна 10% + ПДВ на кошт перавышэння.

Бяспошлінныя ліміты на пасылкі: У Расіі — 1000€, Малдове — 300€, Грузіі — 125€
Фота: Марына Лысцева/ТАСС

У Расіі падаткам не абкладаецца пасылка, якая прыходзіць з-за мяжы на адзін адрас раз на месяц, яе агульны кошт мусіць быць меншы за 1000 еўра, а вага — меншая за 31 кг. Пры перавышэнні дадзеных лімітаў неабходна будзе заплаціць 30% мытнай пошліны ад сумы перавышэння, але не менш за 4 еўра за кг.

Для жыхароў Літвы, Польшчы і Латвіі бяспошлінныя ліміты на замежныя камерцыйныя пасылкі — 22 еўра.

“Да 22 еўра плацяжоў няма, калі ў гэтай пасылцы няма акцызнага тавару. Гэта не толькі тытунёвыя вырабы, алкаголь і парфумерныя вырабы”, — кажа прадстаўніца літоўскай мытні.

Для прыватных пасылак (ад адной фізічнай асобы іншай) ён крыху вышэйшы — 45 еўра. Калі кошт паштовага адпраўлення большы, яно будзе абкладаецца падаткам на дададзеную вартасць (ПДВ). У Літве, напрыклад, ён роўны 21%.

Распавядае прадстаўніца польскага мытнага камітэта:

“Калі пасылка ацэньваецца менш чым у 150 еўра, яна вызваляецца ад мытнага падатку, але на яе ўсё адно накладаецца ПДВ. У Польшчы ён роўны 23%”.

Калі кошт пасылкі перавышае 150 еўра, да ПДВ дадаецца яшчэ і ўвазная пошліна, а таксама расходы мытных пасярэднікаў ці паштовых дэкларантаў. У Літве гэтая пошліна роўная 2,5%, у Польшчы залежыць ад катэгорыі тавару — ад 3% да 8%.

У нашых суседзяў з Еўрасаюза няма абмежаванняў па вазе і колькасці паштовых адпраўленняў.

Бяспошлінныя ліміты на пасылкі: У Расіі — 1000€, Малдове — 300€, Грузіі — 125€
Фота: DELFI (K.Čachovskio nuotr.)

У Малдове максімальны кошт пасылкі, якая не будзе абкладацца падаткам, — 300 еўра, максімальная вага — 30 кг.

У Арменіі падатак не давядзецца плаціць за пасылку, таннейшую за 150 долараў, вагой меншай за 20 кг. Пры гэтым паштовае адпраўленне мусіць прыходзіць на адзін адрас не часцей чым раз на тыдзень.

У Грузіі пасылку, ацэненую танней за 125 еўра, і вагой менш за 30 кг таксама не будуць абкладаць падаткам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі