Бяспошлінны ўвоз міжнародных пасылак абмежаваны 22 еўра замест ранейшых 200

Бяспошлінны ўвоз міжнародных пасылак абмежаваны 22 еўра замест ранейшых 200

Бяспошлінны ўвоз міжнародных пасылак у Беларусі абмежаваны 22 еўра і 10 кг. Адпаведны ўказ № 40 кіраўнік дзяржавы падпісаў 11 лютага. Ім унесеныя змены ў ранейшы ўказ (№ 360) ад 21 ліпеня 2014 года "Аб перамяшчэнні праз мытную мяжу Мытнага саюзу ў Рэспубліку Беларусь тавараў для асабістага карыстання".

Паводле ўказу, на працягу каляндарнага месяца фізічная асоба можа атрымаць без выплаты мытных плацяжоў тавары для асабістага карыстання, якія перасылаюцца ў міжнародных паштовых адпраўленнях ці дастаўляюцца перавозчыкам, калі мытны кошт іх у сукупнасці не перавышае 22 еўра, а агульная вага — 10 кг. Нагадаем, раней гэтыя лічбы складалі 200 еўра і 31 кг.

Указ Аляксандра Лукашэнкі пачне дзейнічаць праз два месяца пасля яго афіцыйнага апублікавання, інфармуе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

Таксама указ абмежаваў ўвоз тавараў праз аўтадарожныя і чыгуначныя пункты пропуску. Абмежаванне ў памеры 1500 еўра і 50 кг на чалавека застаецца. Але калі чалавек перасякае мяжу часцей, чым раз у тры месяца, то тавары, даражэйшыя за 300 еўра, будуць абкладацца мытнымі плацяжамі.

Як паведамляла Еўрарадыё, летась старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч заявіў, што пасылкі з замежжа "абвалілі беларускі гандаль". За першае паўгоддзе 2015-га жыхары Беларусі атрымалі 4 млн 400 тысяч пасылак з таварамі з-за мяжы.

Сацсеткі жартуюць: Долар — 22 тысячы, ліміт на пасылкі — 22 еўра, не мяняецца ўлада — 22 года

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі