Бяляцкі: Нельга паддавацца шантажу з боку ўладаў!

16 лютага старшыня праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі па выкліку наведаў Генеральную пракуратуру Беларусі. Там праваабаронцу папярэдзілі наконт недапушчальнасці дзеянняў ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Ды сп. Бяляцкі і здагадваўся, што яго выклікаюць менавіта для гэтага.

Алесь Бяляцкі: "Размову са мной праводзіў супрацоўнік пракуратуры Павал Елесееў. Ён уручыў мне папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закона. Прычым у гэтым папярэджанні асноўныя спасылкі ідуць на працу праваабарончага цэнтра "Вясна", і гаворыцца, што мы існуем у незарэгістраваным выглядзе. І ў сувязі з гэтым нашая дзейнасць супярэчыць беларускаму заканадаўству, а пракуратура афіцыйна папярэджвае пра недапушчальнасць парушэння закона. Таксама там патлумачана, што ў выпадку далейшага парушэння заканадаўства будзе разгледжанае пытанне аб прыцягненні мяне да адказнасці. Такая фармальная працэдура… Даваць нейкія тлўмачэнні я адмовіўся, маючы на гэта канстытуцыйнае права. Тым не менш, гэтае папярэджанне мы атрымалі".

На думку Алеся Бяляцкага, улады “прыгадала” распаўсюджаную некалькі гадоў таму практыку папярэджанняў за дзейнасць, якая нібыта парушае беларускае заканадаўства.

"І да прадстаўнікоў "Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі", і ў прынцыпе да журналістаў пачалі ізноў ужывацца такія папярэджанні... Праваабаронцы ж атрымалі першае такое папярэджанне. Гэта гаворыць пра тое, што пашыраецца абсяг ціску, які практыкуюць беларускія ўлады да грамадзянскай супольнасці. У яго ўвайшлі ўжо і праваабаронцы, хаця нашая дзейнасць гарантаваная нам "Дэкларацыяй аб праваабаронцах", прынятай ААН у 1998 годзе. Беларусь відавочна ідзе на парушэнне міжнародных пагадненняў. І спрабуе нейкім чынам аказаць ціск на дзейнасць прадстаўнікоў неўрадавых арганізацый, у прыватнасці праваабарончых.

Натуральна, я буду пярэчыць гэтаму, у законным парадку: будзе падрыхтаваная скарга да генпракурора, пасля ў суд, а таксама на міжнародным узроўні. Бо Беларусь груба парушае міжнародныя абавязкі, якія ўзяла на сябе. Тым больш мы, праваабаронцы, не можам дапусціць, каб гэта ўсё сыйшло з рук”, — кажа праваабаронца.

Нягледзячы на атрыманае папярэджанне, Алесь Бяляцкі не плануе адмаўляцца ад праваабарончый дзейнасці.

Алесь Бяляцкі: “Паддавацца вось такому шантажу, інакш гэта не назавеш, з боку дзяржаўных ворганаў, які яны распачалі перад гэтым працэсам, які датычыць удзельнікаў акцыі 19 снежня, нам не выпадае".

Фота: generation.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі