Бузэк: Беларускія чыноўнікі застануцца ўязнымі ў Еўрасаюз яшчэ на год

Гаворачы пра гэтае рашэнне, старшыня Еўрапарламента ўбачыў пазітыўны сігнал у тым, што Еўрарадыё дазволілі стварыць карпункт у Мінску (+ тэкст дакумента).
Мараторый на візавыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў будзе працягнуты яшчэ на год. Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрв’ю Еўрарадыё паведаміў старшыня Еўрапарламента Ежы Бузэк.

Ежы Бузэк:
“Прагрэс сапраўды вельмі малы і нас вельмі непакоіць, што няма выразнай дэмакратызацыі. Але ў той жа час колькасць палітвязняў паменшылася. Мы таксама ведаем, што радыё, якое вяшчае з Варшавы (Еўрарадыё -- заўв. аўт.), атрымала дазвол стварыць карпункт у Мінску. Таму ёсць пэўныя пазітыўныя сігналы. І, як Еўрасаюз, мы б хацелі адказаць пазітыўна на пазітыўныя сігналы. Адсюль ідэя працягнуць перыяд дзеяння дамовы пра візавую сістэму для беларускіх чыноўнікаў на наступныя 12 месяцаў. Калі пасля гэтых 12 месяцаў не будзе выразнага прагрэсу ў дэмакратызацыі, то мы затрымаем працэс збліжэння Еўрасаюза і Беларусі”.

Адзначым, што Еўрарадыё атрымала акрэдытацыю ў Беларусі таксама на адзін год.

Старшыня Еўрапарламента адзначыў, што Беларусь без сумненняў з’яўляецца еўрапейскай краінай і бліжэйшым суседам ЕС, менавіта таму яе справы не могуць не хваляваць Еўропу. Па словах Бузэка, ЕС будзе супрацоўнічаць таксама з беларускай апазіцыяй, таму што менавіта яна падзяляе дэмакратычныя каштоўнасці. Ежы Бузэк паабяцаў, што Еўрасаюз будуць ціснуць на беларускія афіцыйныя ўлады, каб яны былі больш адкрытымі для дыялогу і рухаліся ў бок дэмакратычных свабод і шанавалі правы чалавека.

Нагадаем, сёння ранкам Ежы Бузэк сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі: Аляксандрам Мілінкевічам, Аляксеем Янукевічам, Паўлам Севярынцам і іншымі.

Урывак з Заключэння Савета ЕС па Беларусі:

У сувязі з адсутнасцю істотнага прагрэсу ў сферах, якія былі абазначаныя ў Рашэннях Савету за 13 кастрычніка 2008 года, Савет не можа адмяніць абмежавальныя меры супраць пэўных беларускіх чыноўнікаў. Таму ён вырашае працягнуць да кастрычніка 2010 года абмежавальныя меры, якія апісаныя ў Агульнай пазіцыі 2006/276 CFSP і працягнутыя Агульнай пазіцыяй 2009/314/CFSP. Тым не менш, каб заахвоціць прагрэс у сферах, якія зазначаныя ЕС, Савет вырашае адначасова працягнуць прыпыненне прымянення абмежаванняў на ўезд для пэўных беларускіх чыноўнікаў, згодна з умовамі, якія вызначаныя ў Агульнай пазіцыі Савета 2009/314/CFSP, да кастрычніка 2010 года...


Фота — mixnews.lv

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі