Буйная дэлегацыя іудзейскіх святароў у Лёзне (фотафакт)

Буйная дэлегацыя іудзейскіх святароў была прынятая сёння ўвечары ў Лёзне. У райцэнтр прыбылі каля 500 равінаў з 30 краін Еўропы. У беларускім горадзе іх сустрэў упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, перадае БЕЛТА.  

Равіны наведалі мемарыял “Адаменская горка”, дзе памаліліся ў памяць пра габрэяў, загінулых у часы Другой сусветнай вайны. У лютым 1942 года тут адбыўся адзін з самых масавых расстрэлаў мірных жыхароў — было забіта каля 1,5 тысячы чалавек, сярод якіх сваякі сусветна вядомага мастака Марка Шагала.

Святары прымаюць удзел у кангрэсе равінаў Еўропы, які праходзіць у Маскве 18-24 жніўня. Яны наведваюць мясціны, звязаныя з памяццю аб загінулых габрэяў.  Сёння ўдзень равіны мелі праблемы з перасячэннем беларускай мяжы, бо не атрымалі візаў. Урэшце ім дазволілі ўезд у Беларусь.