Буш пакідае пасля сябе вайну ў Іраку і максімальна нізкі курс долара

Сваёй непапулярнасцю Буш абавязаны няўдалай выратавальнай кампаніі падчас урагану “Катрына” і прыязным стасункам з Уладзімірам Пуціным, палітыку якога амерыканцы не надта ўхваляюць. Гэтай вясной Gallup назваў Джорджа Буша-малодшага найменш папулярным прэзідэнтам за 20 год існавання Gallup-апытанняў. Буша падтрымлівае 34% выбарцаў, а 98% амерыканскіх гісторыкаў лічаць, што Буш праваліў працу на пасадзе лідэра ЗША. Дырэктар цэнтра Еўропа-ЗША пры Інстытуце Брукінса Джэрэмі Шапіра, кажа: “Эўрапейцы прымаюць Буша, а самі чакаюць Абаму ці Маккейна”. Разам з тым ствараецца ўражанне, што Джордж Буш-малодшы вырашыў па-свойску развітацца з еўрапейскімі “кузэнамі і кузінамі”. Ён сустрэнецца з Ангелай Меркель, Сільвіё Берлусконі, Горданам Браўнам, Нікаля Сарказі, Янэзам Яншам, папам Бенэдыктам XVI.

Мы звярнуліся да вядомага палітолага Уладзіміра Мацкевіча з просьбаю ацаніць гады кіравання Дж. Буша з беларускага пункту гледжання. Што амерыканскі прэзідэнт пакідае па сабе?

Ул. Мацкевіч: Ён пакінуў няскончаную вайну ў Іраку. Напэўна, гэтая вайна была непазбежнаю, але яе і так будуць звязваць з імем Буша. Другое – тое, што Амерыка страціла міжнародны імідж, таму што Буш даваў падставы іранізаваць на сабой як над простым чалавекам з памылкамі і слабасцямі. Трэцяе – гэта велізарнае падзенне амерыканскага долара. Думаю, што ў Буша будуць і прыхільнікі ў будучым, таму што ён стрымліваў тэрарызм, уплываў станоўча на сітуацыю ў свеце, падтрымліваючы дэмакратыю і маладыя дэмакратычныя краіны, стрымліваючы распаўсюд дыктатураў. Тут шмат што зроблена было, хаця і не без памылак, і ў дачыненні да Беларусі.

Еўрарадыё:
– Як Вы ацэньваеце сістэму антыракетнай абароны, якую будуюць ды ніяк не дабудуюць у Чэхіі і Польшчы?

Ул.Мацкевіч: – Расія як была (з пэўным перапынкам), так і застаецца досыць агрэсіўным суседам, і гэта павінны разумець і чэхі, і палякі. І без пэўных мераў стрымлівання абысціся проста немагчыма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі