Брытанскі парламент не знайшоў новага рашэння праблемы "брэксіту"
![Брытанскі парламент не знайшоў новага рашэння праблемы "брэксіту"](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/2019-01-29t222154z_873712232_rc143d1faf60_rtrmadp_3_britain-eu.jpg.webp?itok=kcVlnJCn)
29 студзеня брытанскі парламент не знайшоў новага рашэння праблемы "брэксіту". Ён даў даручэнне прэм'ер-міністру Тэрэзе Мэй правесці ў Бруселі новыя перамовы пра пагадненне ад выхадзе з ЕС. А Еўрасаюз, як вядома, гэтыя перамовы аднаўляць не хоча. Як інфармуе "Бі-Бі-Сі", Палата абшчын з сямі паправак, звязаных са згаданым пагадненнем, змагла прыняць толькі дзве. Адна з іх — даручэнне прэм'еру дамагчыся ад Еўрасаюза новай фармулёўкі "ірландскага страховачнага варыянту". На сённяшні дзень ён прадугледжвае, што Паўночная Ірландыя можа застацца ў мытным саюзе з ЕС. Але гэтага не могуць прыняць многія палітыкі ў Лондане. І якраз у гэтым прычына, што два тыдні таму парламент адхіліў праект пагаднення аб "брэксіце".
Мэй вымушана зноў спрабаваць арганізаваць перамовы з ЕС. Пры гэтым адзначае, што ў Бруселя "мала энтузіязму ў дачыненні гэтых зменаў", а таму яе чакаюць нялёгкія размовы.
Новае галасаванне па праекце пагаднення мусіць адбыцца праз два тыдні. Што да "брэксіту", то да яго старту засталося два месяцы — ён прызначаны на 29 сакавіка.