Вы тут

Брэйвіку за 77 забітых — 21 год турмы, Малейчуку за вогнетушыцель — 22 гады

Вячаслаў Маляйчук, тэрарыст па версіі беларускіх уладаў, і Андэрс Брэйвік, які забіў 77 чалавек / Еўрарадыё

КДБ Беларусі ўносіць у "тэрарыстычны спіс" людзей, якія наўрад ці хацелі ладзіць тэракты. Беларусы, якія трапілі ў турмы за сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю, атрымліваюць тэрміны, супастаўныя з пакараннем для забойцаў, што ўчынілі крывавую бойню. Еўрарадыё прыгадвае гучныя справы з мінулага і параўноўвае з беларускай рэальнасцю.
 

Андэрс Брэйвік, Нарвегія

Тэрарыст Андэрс Брэйвік / REUTERS

22 ліпеня 2011 года нарвежац Андэрс Брэйвік з дапамогай выбухоўкі і агнястрэльнай зброі здзейсніў двайны тэракт на глебе расавай нянавісці.

У выніку дзеянняў Брэйвіка:
загінулі — 77 чалавек;
параненыя — 151 чалавек.

Андэрс Брэйвік прызнаны тэрарыстам. За свае злачынствы мужчына атрымаў 21 год турэмнага зняволення.

 

Вячаслаў Маляйчук, Беларусь

МУС Беларусі ў сакавіку 2021 года заявіла, што прадухіліла тэракты ў Мінску і ў вайсковай часці ў Печах пад Барысавам. Іх нібыта рыхтаваў ураджэнец Піншчыны Вячаслаў Маляйчук.

Мужчына ў часе так званага следчага эксперымента кажа, што не мае спецыяльнай падрыхтоўкі, а рабіць выбуховае прыстасаванне яго навучыў знаёмы з тэлеграм-чата. Бутэлькі з сумнеўнага выгляду вадкасцю, дымавая шашка і вогнетушыцель з порахам — нібыта такія прылады злачынства, якое не адбылося, збіраўся выкарыстаць Вячаслаў.

На відэа Маляйчук не кажа, што хацеў зладзіць "тэракт", напрыклад, з нянавісці або праз прагу забойства. Ён "прызнаецца", што нібыта спрабаваў з дапамогай справаздачных фота і відэа ўвайсці ў давер да нейкіх "арганізацый, якія знаходзяцца за мяжой".

Вячаслаў Маляйчук і яго сяброўка / Еўрарадыё

Судзілі ж Малейчука аднаго, нягледзячы на тое, што ён неаднаразова згадваў пра свайго саўдзельніка, які, хутчэй за ўсё, быў падсаднай качкай і таму паспяхова знік з поля зроку грамадскасці. Больш падрабязна пра гэтую нестыкоўку — у расследаванні Еўрарадыё.

У выніку дзеянняў Малейчука:
загінулі — 0 чалавек;
параненыя — 0 чалавек.

Вячаслаў Маляйчук асуджаны на 22 гады калоніі строгага рэжыму (нагадаем, Брэйвік атрымаў 21 год турмы). Унесены ўладамі Беларусі ў пералік асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.

 

Тэрарысты "Норд-Оста", Расія

Хасан Закаеў / РИА Новости

Паводле версіі расійскага следства, чачэнец Хасан Закаеў у 2002 годзе арганізаваў дастаўку зброі і выбухоўкі для тэрарыстаў, якія захапілі закладнікаў у часе мюзікла "Норд-Ост". Мужчыну прысудзілі да 18 гадоў і 9 месяцаў зняволення. Таксама ад 8,5 да 20 гадоў пазбаўлення волі атрымалі іншыя фігуранты тэракта на Дуброўцы.

У выніку дзеянняў тэрарыстаў:
загінулі — 130 чалавек (па афіцыйных звестках);
параненыя — больш за 700 чалавек.

 

Сяргей Ціханоўскі, Беларусь

Сяргей Ціханоўскі / Uladz Hrydzin (RFE/RL)

Сяргей Ціханоўскі вёў блог "Страна для жизни", планаваў балатавацца на пасаду прэзідэнта. 29 траўня 2020 года мужчыну затрымліваюць у Гродне ў часе перадвыбарнага пікета і садзяць за краты. Улады Беларусі ставяць у віну Ціханоўскаму некалькі артыкулаў КК РБ. Сярод іх 130-ы, "Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы", і 293-і, "Масавыя беспарадкі".

У выніку дзеянняў Ціханоўскага:
загінулі — 0 чалавек;
параненыя — 0 чалавек.

Сяргей Ціханоўскі ўнесены ў пералік асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці. Асуджаны на 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму (амаль як тэрарысты "Норд-Оста").

 

Гюльчахра Бабакулава, Расія

Гюльчахра Бабакулава / ТАСС

У лютым 2016 года няня Гюльчахра Бабакулава забіла сваю падапечную, чатырохгадовую масквічку Анастасію Мешчаракову. Жанчына задушыла дзяўчынку, адрэзала ёй галаву і падпаліла кватэру. Бабакулава сказала, што ёй гэта загадаў зрабіць Алах. Таксама яна называла сябе тэрарысткай, казала, што ненавідзіць дэмакратыю, і крычала "Алах акбар".

У выніку дзеянняў Гюльчахры Бабакулавай:
загінулі — 1 чалавек;
нанесена шкода прыватнай уласнасці.

Садысцкае забойства маглі кваліфікаваць як тэракт. Аднак жанчыне ўдалося пазбегнуць пакарання. Бабакулаву прызналі бессвядомай і адправілі на прымусовае лячэнне.

 

Данута Пярэдня, Беларусь

Данута Пярэдня / фота з сацсетак

Дваццацігадовая студэнтка з Кіраўска Данута Пярэдня нікому галаву не адрэзала. Яна рэпоснула ў чат тэкст, у якім у рэзкай форме крытыкаваліся дзеянні Пуціна і Лукашэнкі ва Украіне. Улады абвінавацілі дзяўчыну ў абразе Лукашэнкі і ў дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь.

У выніку дзеянняў Дануты Пярэдні:
загінулі — 0 чалавек;
параненыя — 0 чалавек.

Данута Пярэдня ўнесеная ўладамі Беларусі ў пералік асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, асуджаная на 6,5 года калоніі.

 

Тэракт у Валгаградзе

Пасля тэракта на чыгуначным вакзале ў Валгаградзе / mk.ru

У 2013 годзе ў Валгаградзе на чыгуначным вакзале і ў тралейбусе адбыліся тэракты, арганізаваныя радыкальнымі ісламістамі.

У выніку дзеянняў валгаградскіх тэрарыстаў:
загінулі — 34 чалавекі;
параненыя — 70 чалавек.

Расійскія ўлады прыйшлі да высновы, што памагатымі тэрарыстаў былі Алаўтдзін Дадаеў, Ібрагім Магамедаў, Тагір і Магамеднабі Баціравы. Фігуранты справы атрымалі ад 3 гадоў 10 месяцаў да 19 гадоў пазбаўлення волі.

 

Ігар Лосік, Беларусь

Ігар Лосік / фота з сацсетак

Журналіст Ігар Лосік таксама апынуўся ў КДБшным "тэрарыстычным спісе", хоць ніякіх выбухаў не арганізоўваў. Разам з ім па "справе Ціханоўскага" на лаву падсудных трапілі палітык Мікалай Статкевіч, мадэратар сацсетак праекта "Страна для жизни" Дзмітрый Папоў, блогер Уладзімір Цыгановіч і актывіст Арцём Сакаў, які ўдзельнічаў у групе па вылучэнні Святланы Ціханоўскай на прэзідэнцкія выбары. Лосіку, як і Ціханоўскаму, ставяць у віну 130-ы і 293-і артыкулы КК РБ.

Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Уладзімір Цыгановіч, Арцём Сакаў, Дзмітрый Папоў / калаж Еўрарадыё

У выніку дзеянняў Ігара Лосіка:
загінулі — 0 чалавек;
параненыя — 0 чалавек.

Журналіст Ігар Лосік асуджаны на 15 гадоў пазбаўлення волі, унесены ўладамі Беларусі ў пералік асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.