Жыхару Брэста не далі на Масленіцу спаліць пудзілы “бюракрата” і “карупцыі”

Прыкладна за два тыдні да завяршэння масленічных гулянняў Віталь Казак звярнуўся ў адміністрацыю Маскоўскага раёна Брэста з прапановай дазволіць спаліць падчас свята пудзілы. Пад заявай актывіста падпісаліся больш за 30 чалавек. Аднак прапанова грамадзян не атрымала падтрымкі ў адміністрацыі Маскоўскага раёна, распавядае Віталь Казак.

Казак: “Атрымалі адказ, там напісана, што паводле іх плана не прадугледжана кідаць у вогнішча пудзілы бюракрата і карупцыі, бо ёсць шмат іншых праблем”.

Нягледзячы на забарону, актывіст ўсё ж такі паспрабаваў пранесці да вогнішча пудзілы, зробленыя ўласнымі рукамі. Пудзіла карупцыі ён зрабіў у выглядзе свінні ў кароне і з грашыма ў кішэнях. Да “бюракрата” актывіст прыклаў усе адказы з дзяржустаноў, якія атрымаў на свае ініцыятывы датычна працы камунальнікаў, знішчэння дзіцячых пляцовак і правядзення агульнагарадскіх сходаў па пытанні добраўпарадкавання. Аднак перад запальваннем вогнішча яго спынілі міліцыянты і даставілі ў службовы аўтамабіль. Неўзабаве яго вызвалілі, але пудзілы забралі.

Казак: "Спакойна нёс, нідзе не хаваючыся, пудзілы бюракрата і карупцыі, якія сам зрабіў ды прыгожа размаляваў. Нічога ганебнага, вядома, не было ў гэтым. Атрымалася, што перашкаджаю святу — так мне сказалі. Паведамілі, каб святкаваў, але без гэтых пудзілаў. Іх, сказалі, аддадуць пазней".
Па заканчэнні мерапрыемства міліцыянты сапраўды вярнулі пудзілы іх гаспадару.

Па словах Казака, у Брэсце ў мінулыя гады на Масленіцу палілі і "карупцыю", і "бюракрата". Аднак сёлета ў святочнай праграме не знайшлося месцаў для гэтых пудзілаў. Затое ў вогнішча скінулі "інфляцыю", "дармаеда", "п'янства", "дэбашыра", "хваробу", "тэрарыста", "спайс" і невядомага персанажа са стужкай "мне пляваць на ўсіх".

З адказу адміністрацыі Маскоўскага раёна вынікае, што праграма мерапрыемства пісалася ледзь не за месяц да яе правядзення. Таму, паводле чыноўнікаў, актывіст спазніўся са сваёй прапановай, якую падаў толькі за два тыдні. Віталь Казак кажа, што пудзілы бюракрата і карупцыі ён захавае да наступнай Масленіцы і ўсё ж такі паспрабуе іх спаліць у агульным вогнішчы.