Вы тут

Брэсцкія сілавікі змусілі ўкраінку змяніць на машыне герб Украіны на сцяг РБ

Брэсцкім сілавікам не спадабаўся ўкраінскі герб на машыне

У Брэсце супрацоўнікам ГУБАЗіКа не спадабалася, што на машыне мясцовай жыхаркі была налепка ў выглядзе герба Украіны — трызуба. Яны прымусілі жанчыну замяніць гэтую налепку на дзяржаўны сцяг РБ. Справаздачу яны апублікавалі ў сваім рэгіянальным телеграм-канале.

Брастаўчанка Юлія паходзіць з Украіны. Апошня восем гадоў яна жыве ў Беларусі. Сілавікі здзекліва пракаментавалі, што яна мае добрую працу, але "вырашыла пашукаць экстрыму" і стала чытаць не тыя інтэрнэт-крыніцы і "рэпосціць экстрэмісцкія матэрыялы".

Таксама яны апублікавалі фота, як жанчына адклейвае са свайго Chrysler 300M чорна-белы Трызуб. На яго месцы з'явілася налепка з чырвона-зялёным сцягам.

Дарэчы, украінскі герб, як і ўкраінскі сцяг, у Беларусі не ўключаныя ў якія-небудзь спісы экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.