Брэсцкія камунальнікі зэканомілі 500 мільёнаў рублёў на вулічных ліхтарах

Ва ўсіх вулічных ліхтарах Брэста цяпер выкарыстоўваюцца новыя натрыевыя лямпы. Камплектаваць ліхтары такімі лямпамі ў горадзе пачалі са студзеня бягучага года. Як паведаміў кіраўнік прадпрыемства “Брэстгарсвятло” Сяргей Авадовіч, за мінулыя месяцы супрацоўнікі яго прадпрыемства змянілі лямпы на новыя ва ўсіх гарадскіх ліхтарах, якіх налічваецца 16,5 тысяч.

У параўнанні з ртутнымі лямпамі, якія выкарыстоўваліся на брэсцкіх вуліцах раней, натрыевыя спажываюць на 40% менш электрычнасці, пры гэтым на адну пятую павялічваецца памер святла.

Як стала вядома, выкарыстанне новых лямп ужо дазволіла камунальнікам зэканоміць 500 мільёнаў рублёў. Натрыевыя лямпы брэсцкае прадпрыемства набывае ў дылераў вядомай карпарацыі “General Electric” па 6 – 8 тысяч рублёў за штуку.

Лямпы замежнай вытворчасці разлічаныя на 6 гадоў карыстання і адрозніваюцца лепшай якасцю ў параўнанні з расійскімі і ўкраінскімі.

Аляксей Мурланаў, Еўрарадыё, Брэст

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі