Брэсцкія "дробныя хуліганы" падалі ў суд скаргу на гарвыканкам

19 актывістаў дэмакратычных сілаў з розных гарадоў Брэсцкай вобласці падалі ў суд скаргу на рашэнне брэсцкага гарвыканкама, які забараніў правядзенне "Марша "дробных хуліганаў". Нагадаем, акцыя была прызначаная на 30 ліпеня і мусіла прайсці ў цэнтры горада на пешаходнай вуліцы Савецкай. Яе ўдзельнікі збіраліся прыцягнуць увагу да праблемы адвольных затрыманняў і арыштаў актывістаў дэмакратычнага руху. Звычайна апазіцыянераў затрымліваюць, нібыта, за здзяйсненне "дробнага хуліганства".

Чыноўнікі, якія забаранілі акцыю, спасылаюцца на тое, што масавыя мерапрыемствы праходзяць толькі на стадыёне "Лакаматыў". Але, якім чынам там мусіла праходзіць шэсце, не патлумачылі.

Адзін з арганізатараў акцыі праваабаронца Раман Кісляк у інтэрв'ю Еўрарадыё кажа, што скаргу ў суд падалі амаль выключна "хуліганы":

"Амаль усе - "дробныя хуліганы". Гэтыя 19 чалавек альбо прызнаныя "дробнымі хуліганамі", альбо нейкім чынам пацярпелі па гэтым артыкуле: затрымліваліся, а пасля маглі быць апраўданымі. Справа спыненая, але ўсёроўна людзі сядзелі ў ізалятары ці міліцыі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі