Браты Гэлэхеры дзеляць былых удзельнікаў Oasis

Заснавальнікі брытанскага гурта Oasis браты Лаям і Ноэль Гэлэхеры пачалі барацьбу за былых удзельнікаў калектыву.  Як паведамляе ContactMusic, браты спрабуюць падзяліць басіста Эндзі Бэла і гітарыста Гэма Арчара. Старэйшаму з братоў, Ноэлю, калегі па Oasis патрэбныя для запісу сольнага альбома, а Лаям, які сфармаваў новы калектыў, жадае ўзяць басіста і гітарыста ў хуткае турнэ.

"Гэта няпростая сітуацыя для Гэма і Эндзі. Але з іншага боку, зараз яны нарасхват, а значыць, ім пашанцуе падзарабіць. Праўда, удзел у праектах адразу абодвух братоў можа прывесці да праблем", - адзначыла крыніца, блізкая да музыкаў. Самі Арчар і Бэл не пракаментавалі гэтую сітуацыю.

Пра тое, што былы вакаліст Oasis Лаям Гэлэхер сфармаваў новы калектыў, стала вядома некалькі месяцаў таму. Ён распавёў журналістам, што працуе над запісам поасцінкі разам з іншымі былымі ўдзельнікамі гурта. Чакаецца, што пакуль безназоўны праект малодшага Гэлэхера выпусціць дэбютны альбом летам 2010 года.

Ноэль Гэлэхер, які адказваў у Oasis за музыку і тэксты, пакуль не пачаў працу ў студыі. Аднак музыка ўжо паспеў падрыхтаваць да запісу некалькі сольных кампазіцый і збіраецца пачаць працу над дыскам у бліжэйшы час.

Нагадаем, Oasis спынілі існаванне ў канцы лета 2009 года, пасля таго як браты сур'ёзна пасварыліся. З тых часоў Гэлэхеры не маюць ніякіх кантактаў і не з'яўляюцца на адных і тых жа мерапрыемствах.

Фота: rockgeroy.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі