Вы тут

Брастаўчан не пусцяць на навагоднія карпаратывы без адмоўных ПЛР-тэстаў

Новы год / Еўрарадыё

У Брэсцкай вобласці рэстаранам дазволілі праводзіць карпаратывы ў навагоднюю ноч — але пры ўмове, што ва ўсіх гасцей ёсць даведка з адмоўным вынікам тэсту на COVID-19. У распараджэнні Еўрарадыё апынуўся пратакол рабочай нарады, якая прайшла ў Брэсцкім аблвыканкаме. У ім пазначана, што правядзенне карпаратываў у навагоднюю ноч пасля 23:00 дазваляецца пры выкананні некалькіх умоў:

на мерапрыемствы не павінны трапіць людзі з сімптомамі рэспіраторнай інфекцыі;

ва ўдзельнікаў мерапрыемства абавязкова павінна быць з сабой даведка з адмоўным ПЛР-тэстам на COVID-19;

захаванне дыстанцыявання пры рассаджванні (не менш за 1,5 метра);

рэгулярныя праветрыванне, прыборка і дэзынфекцыя памяшканняў.

Рэстаратараў гэта рашэнне не задавальняе. Яны і так нясуць страты праз пандэмію. А тут яшчэ і карпаратывы цяпер пад пытаннем.

"Аргументы чыноўнікаў: "усе паміраюць", "страшная зараза" і гэтак далей. Кажуць мне, што Польшчу наогул закрылі. Добра, дайце нам тую ж падтрымку, што ў Польшчы, і ніякіх пытанняў. Як працаваць?" — скардзіцца адзін з рэстаратараў.

"Толькі што набіралі з баранавіцкай санстанцыі і расказвалі пра новаўвядзенне. Сказалі — будуць правяраць. А калі каму-небудзь трэба зрабіць тэст, неабходна зрабіць папярэдні заказ на тэсты да пяці вечара, — каментуе крыніца Еўрарадыё. — Дадаткова на ўваходзе ва ўстанову трэба арганізаваць праверку тэмпературы ў наведвальнікаў".

Далёка не ўсе ахвотныя пагуляць у навагоднюю ноч гатовыя затлуміць сабе галаву пошукам месца, дзе аналіз зробяць за суткі, ды яшчэ і плаціць за яго зверху таго, што ўжо ўкладзена ў карпарат. Напэўна, так чыноўнікі намякаюць жыхарам Брэстчыны, што Новы год лепш сустрэць на свежым паветры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.