Брамнік зборнай Беларусі па футболе перайшоў у французскі клуб

28-гадовы галкіпер Сяргей Чэрнік, які з 2014 года гуляў за БАТЭ, афіцыйна перайшоў у французскі клуб "Нансі". Як піша tut.by, 28 чэрвеня футбаліст прайшоў медабследаванне, а потым адбылася яго афіцыйная прэзентацыя ў якасці гульца каманды. Кантракт Чэрніка з клубам разлічаны на тры сезоны.

Паводле звестак французскай газеты L'Est Republicain, за пераход Чэрніка БАТЭ прасіў у "Нансі" кампенсацыю ў адзін мільён еўра. Кіраўніцтва французскага клуба палічыла такія патрабаванні завышанамі, таму перамовы зацягнуліся.

Дарэчы, сёлета ў чэмпіянаце Беларусі Чэрнік згуляў за БАТЭ ў 12 матчах і прапусціў 14 мячоў. Пры гэтым у пяці гульнях ён не прапусціў ніводнага мяча. За зборную Беларусі галкіпер гуляў у 8 паядынках і прапусціў 6 мячоў.