Бізнесы, якія хочуць сысці з Беларусі, будуць перадаваць пад знешняе кіраванне

Улады ставяцца да камерцыйных арганізацый, як да сваёй уласнасці / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Бізнесы, якія хочуць закрыцца і сысці з Беларусі, цяпер можна перадаваць пад знешняе кіраванне. Гэта прадугледжана законам, прынятым Нацыянальным сходам 21 снежня 2022-га, падпісаным Аляксандрам Лукашэнкам 3 студзеня 2023-га, і апублікаваным у пятніцу на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале РБ.

Прычынай для перадачы пад знешняе кіраванне могуць стаць "эканамічна неабгрунтаваныя дзеянні, якія могуць прывесці да фактычнага спынення дзейнасці, ліквідацыі і (ці) банкруцтва... камерцыйнай арганізацыі", спыненне кіравання камерцыйнай арганізацыяй яе кіраўніцтвам і "іншыя выпадкі", якія вызначае ўрад.

Перадачай пад часовае знешняе кіраванне і кантролем за ім будуць займацца аблвыканкамы і Мінгарвыканкам. Яно можа дзейнічаць да 1,5 года.

Улады ставяцца да камерцыйных арганізацый, як да сваёй уласнасці. Новым законам яны хочуць выключыць "неабгрунтаванае спыненне дзейнасці" прадпрыемстваў. То бок, аднаго жадання прадпрымальніка ці ўсведамлення неабходнасці закрыць сваю фірму недастаткова — трэба яшчэ нешта "абгрунтаваць".

Асноўныя пункты закона пачнуць дзейнічаць праз 10 дзён пасля апублікавання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.