Бізнесмен Васілевіч на волі: што мы ведаем пра 525 дзён яго зняволення

Аляксандр Васілевіч у зале суда / The Village Беларусь
Аляксандр Васілевіч у зале суда / The Village Беларусь

У зале суда сёння быў вызвалены бізнесмен, сузаснавальнік анлайн-выданняў kyky.org і The Village Беларусь, уладальнік агенцтва Vondel/Hepta і прасторы Галерэя Ў Аляксандр Васілевіч.

Суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў — арт. 243, ч. 2 — і прызначыў пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі. Васілевіча вызвалілі ў зале суда "ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў прыцягнення да адказнасці".

Коратка ўспомнім гісторыю зняволення Аляксандра Васілевіча.
 

Лета арыштаў

Васілевіча ў 2020 годзе затрымлівалі двойчы. Першы раз — калі ён прыйшоў падаць хадайніцтва ў КДБ аб змене меры стрымання Віктару Бабарыку. Тады Васілевіча абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу і пакаралі адміністрацыйным арыштам на 14 сутак.

Другі раз бізнесмена затрымліваў ужо Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК. Прайшлі ператрусы, праз тыдзень Васілевічу было прад'яўленае абвінавачанне. Разам з ім доўгі час падазраванай па справе праходзіла жонка Надзея Зелянкова.
 

"Змрок і сумняк"

У канцы кастрычніка Васілевіч стаў адным з удзельнікаў "круглага стала" з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ: бізнесмена можна было ўбачыць сярод прысутных на сустрэчы.

Васілевіч правёў у зняволенні 525 дзён. За гэты час у яго і яго жонкі Надзеі нарадзілася дачка Уршуля. У інтэрв'ю DW Надзея расказвала, што Аляксандр дасылае з СІЗА казкі, якія жонка зачытвае старэйшай і малодшай дочкам. Цыкл казак называецца "Тата і Пінгвін".

Бизнесмен Василевич на свободе: что мы знаем про 525 дней его заключения
Аляксандр Васілевіч / фота з сацсетак Аляксандра Васілевіча

У гэтых казках Васілевіч расказвае дзецям пра свой турэмны побыт і тлумачыць складаныя паняцці накшталт "кагнітыўнага дысанансу". Вось адзін з урокаў, які дае Васілевіч дзецям у сваіх казках.

"Змрок і сумняк вакол. А ты робіш нешта добрае, хай і няшмат. Добрыя ўчынкі. І святла становіцца больш. Свет змяняецца. Хай не так хутка, як усе хочуць", — кажа герой гісторыі.
 

"Ура, Саша на волі!"

Напярэдадні суда жонка Васілевіча Надзея казала, што не будуе ні надзей, ні планаў.

— Безумоўна, колькі б мы ні казалі, што не спадзяёмся і не верым, мы па-свойму спадзяёмся і верым. Маё асноўнае жаданне — каб суд прайшоў хутка.

Падрабязнасці справы невядомыя. Суд над Васілевічам, які пачаўся 24 студзеня, вырашылі правесці за зачыненымі дзвярыма. Пакуль што дакладна вядома толькі адно: Васілевіч на волі. Ці, як пішуць акурат цяпер у сацсетках, — "Ура, Саша на волі!".

Бизнесмен Василевич на свободе: что мы знаем про 525 дней его заключения
Аляксандр Васілевіч / The Village Беларусь

У верасні праваабаронцы прызналі Васілевіча палітвязнем. У Беларусі ў зняволенні застаецца яшчэ 1036 чалавек, прызнаных праваабаронцамі палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі