Вы тут

БігТэх і медыя: як выжывае незалежная журналістыка ў лічбавым свеце

Відарыс Анастасіі Еўтушэнка / hromadske

Дамінаванне гіганцкіх лічбавых карпарацый, іх неймаверны ўплыў на спажыванне інфармацыі і бесперапынная манапалізацыя лічбавай прасторы выклікаюць усё больш пытанняў як у спажыўцоў інфармацыі, так і ў рэгулятараў. Урады ЗША, Францыі, Аўстраліі спрабуюць заканадаўча спыніць непадкантрольны рост уплыву так званага БігТэха — буйных лічбавых карпарацый, як Google і Facebook. У ЗША абмяркоўваюць законапраект аб антытрасце, у Аўстраліі прынялі закон, які прымушае Google і Facebook плаціць медыя за карыстанне іх кантэнтам, у Францыі СМІ ўдалося дамагчыся кампенсацыі ў 100 мільёнаў еўра ад Google. Гэта значыць, зваротная рэакцыя на рост БігТэха ідзе, але з сумнеўным поспехам. Нават у выпадку Францыі і Аўстраліі многія эксперты лічаць, што ад здзелак з БігТэхам у першую чаргу выйграюць буйныя медыякарпарацыі, а не дробныя і сярэднія незалежныя СМІ.

На падтрымку дзяржавы ў гэтай сферы медыя могуць разлічваць толькі ў краінах з моцнай дэмакратыяй. Там, дзе незалежная журналістыка зазнае ціск з боку аўтарытарных рэжымаў і алігархаў, звышцэнтралізацыя лічбавага рынку ў руках некалькіх буйных гульцоў стварае дадатковыя праблемы. У такіх краінах урад умела выкарыстоўвае непразрыстыя патрабаванні і алгарытмы платформаў-гігантаў для ціску на незалежныя СМІ. Такім чынам журналістыка аказваецца ў сітуацыі, калі БігТэх для яе — і сябар, і вораг. Таму што платформы замежных лічбавых карпарацый — адзіны для іх варыянт неяк канкураваць з дзяржаўнымі і алігархічнымі СМІ.

Журналісты з Нікарагуа, Малдовы, Беларусі і Украіны разбіраліся, з якімі праблемамі сутыкаюцца і як выжываюць незалежныя медыя ў лічбавым свеце. Спойлер: нягледзячы на розныя мовы, рэгіёны і нават кантыненты, сітуацыі, у якіх апынуліся медыя, вельмі падобныя. 

Нікарагуа: складанасці манетызацыі і цэнзура

Пасля масавых пратэстаў 2018 года і палітычных рэпрэсій, якія пачаліся пасля іх, у Нікарагуа пераслед журналістаў рэжымам Даніэля Артэгі дасягнуў велізарных маштабаў. Нягледзячы на атакі, незалежныя медыя працягнулі працаваць. Але вымушаныя былі перайсці з традыцыйных платформаў на лічбавыя. Журналістка і дырэктар тэлеканала навін 100% Noticias Лусія Пінэда Убау расказвае, што пасля выключэння канала з вяшчання, канфіскацыі памяшканняў і змяшчэння яе і яе калегі ў турму іх канал перайшоў на YouTube. Так яны спрабуюць захоўваць кантакт са сваёй аўдыторыяй і манетызаваць свой кантэнт. Лусія тлумачыць, што "на цяперашні момант адзіным сродкам да існавання, які забяспечвае працу і візуальны матэрыял 100% Noticias, ёсць вэб-сайт, канал на YouTube і іншыя сацыяльныя сеткі".

Відарыс Confidencial

Платформы-гіганты, з аднаго боку, даюць магчымасць незалежным СМІ хоць неяк працаваць у краінах з недэмакратычным рэжымам, але, з другога, самі ж ставяць гэтыя медыя на мяжу фінансавага выжывання, забіраючы сабе большую частку рэкламных грошай. Паводле звестак платформы MarketingLand, толькі ў ЗША Facebook, Google і Amazon бяруць сабе 70% сродкаў, якія кампаніі трацяць на рэкламу. Колькі рэкламных грошай дае і бярэ YouTube, платформа кампаніі Google, у Нікарагуа — невядома. YouTube ніколі не разгалошваў усіх дэталяў сваіх разлікаў, каб можна было вызначыць, колькі плацяць кожнаму стваральніку кантэнту.

Нізкія даходы ад рэкламы — не адзіная праблема, з якой сутыкаюцца незалежныя медыя на YouTube. Правілы платформы не ўлічваюць медыя-спецыфіку ў такіх краінах, як Нікарагуа, і рэжым Даніэля Артэгі актыўна гэтым карыстаецца, дамагаючыся дэманетызацыі і блакавання папулярных медыя на YouTube. Дзяржаўны тэлеканал і СМІ, якія належаць сям'і прэзідэнта, рэгулярна падаюць скаргі на кантэнт незалежных медыя, заяўляючы аб аўтарскіх правах. Фокус у тым, што права паказваць афіцыйныя мерапрыемствы ёсць толькі ў прарэжымных каналаў — незалежныя медыя да іх проста не дапускаюцца. На незалежныя медыя, якія выкарыстоўваюць відэа з прэзідэнтам, падаюцца скаргі, і YouTube блакуе ролікі, не ўлічваючы сітуацыю ў краіне. 

Летась YouTube-канал 100% Noticias з яго 194 000 падпісантаў стаўся заблакаваны сіламі прадзяржаўнага вяшчальніка. Canal 4, які належыць сям'і Артэга-Мурылья, падаў на медыя каля 50 скаргаў аб парушэнні аўтарскіх правоў на YouTube. Максімальная колькасць страйкаў, дазволеных на YouTube — тры, пасля гэтага блакаванне сталася непазбежным.

"Нам блакуюць гэтыя платформы распаўсюджвання інфармацыі, спрабуючы дамагчыся таго, каб мы здаліся і паднялі рукі ўгору", — заключае дырэктар канала Лусія Пінэда Убау.

Больш падрабязна пра магчымасці і праблемы YouTube у Нікарагуа чытайце ў матэрыяле Confidencial (на іспанскай).

Малдова: дамінаванне рынку і непажаданая палітычная рэклама 

У Малдове, як і ў свеце ў цэлым, Google дамінуе на рынку анлайн-рэкламы. Купля банераў беспасярэдне ў медыя стала вялікай рэдкасцю. Рэклама проста з'яўляецца на сайтах з уключаным сэрвісам Google AdSense у адпаведнасці з геаграфічнымі і кантэкстуальнымі параметрамі, якія выбірае рэкламадаўца.

Для палітыкаў, асабліва карумпаваных, такі варыянт анлайн-рэкламы нашмат больш пажаданы. У Малдове Google не дае празрыстых звестак пра палітычную рэкламу, а медыя, НКА і кантрольныя органы не могуць праверыць, колькі той ці іншы палітык выдаткаваў на сваё прасоўванне праз платформу-гіганта.

Для краіны з высокім узроўнем карупцыі, як Малдова, непадсправаздачныя банеры карумпаваных палітыкаў — сур'ёзная праблема.

Відарыс Ziarul de Gardă

На выбарах у лістападзе 2020 года такія банеры сталі актыўна з'яўляцца на сайтах незалежных медыя. Сайт расследавальніцкай газеты Ziarul de Gardă быў літаральна наводнены імі, нягледзячы на тое, што рэдакцыя прынцыпова адмаўляецца ад палітычнай рэкламы. Пэўны тып рэкламы можна заблакаваць, калі пазначыць яго як непажаданы на платформе Google AdSense, але апошнім часам фірмы, якія плацяць за рэкламу ў Google, знаходзяць спосабы пранікаць на сайты, нягледзячы на блакаванне опцый перадвыбарнай або палітычнай рэкламы, тлумачыць Ziarul de Gardă. Банеры даводзілася блакаваць уручную, але гэта займала столькі часу і сіл, што ў выніку рэдакцыі было прасцей цалкам адмовіцца ад Google AdSense і страціць гэту крыніцу даходу.

Пётр Макавей, дырэктар Асацыяцыі незалежнай прэсы Малдовы, лічыць, што медыя павінны пачаць дыялог з буйнымі кампаніямі, такімі як Google, каб дамагчыся ўліку і празрыстасці рэкламы.

"Вельмі многія палітыкі зразумелі, што могуць пракрасціся на платформы, якія не сімпатызуюць гэтым палітыкам, таму што гэтыя палітыкі прадажныя і несумленныя. Яны знайшлі спосаб і хітрасць для таго, каб усё ж пракрасціся на гэтыя медыяплатформы. І вось так паўстала яшчэ адно выпрабаванне для журналістаў і медыяўстаноў, якія павінны быць уважлівымі, каб платформы, у якія яны ўкладвалі намаганні гадамі і якія карыстаюцца добрай рэпутацыяй і даверам грамадзян, не выкарыстоўваліся палітыкамі ў перадвыбарных мэтах", — кажа Макавей.

Пра палітычную рэкламу, незалежныя медыя і Google чытайце артыкул Ziarul de Gardă на рускай або англійскай.

Беларусь: "трэці лічбавы свет" і "малая" мова

У Беларусі адносіны з лічбавымі карпарацыямі цяпер няпростыя. Пасля сфальсіфікаваных уладамі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года беларусы апынуліся ў новай лічбавай рэальнасці. "Дзякуючы" амерыканскай карпарацыі Sandvine, якая давала свае тэхналогіі беларускім уладам, падчас жорсткіх разгонаў мірных пратэстаў у краіне на тры дні быў цалкам адключаны інтэрнэт, а дзясяткі інфармацыйных сайтаў былі заблакаваныя. Незалежным медыя, блогерам і актывістам было складана распаўсюджваць інфармацыю і сведчанні жорсткіх разгонаў. Толькі пасля расследавання Bloomberg і пратэстаў ля будынка Sandvine у Сан-Францыска амерыканская кампанія скасавала дамову з уладамі Беларусі.

Відарыс: Еўрарадыё

Праблема ў тым, лічыць незалежны СМІ Еўрарадыё, што для лічбавых карпарацый Беларусь выглядае краінай "трэцяга лічбавага свету" — яна настолькі далёка, што ім у прынцыпе цяжка ўявіць, што там адбываецца. Акрамя таго, адзначае выданне, невялікі беларускі рынак часта не разглядаецца глабальным БігТэхам як асобны.

У платформаў-гігантаў няма офісаў у Беларусі, усе пытанні даводзіцца вырашаць з Масквой. Гэта асобная праблема для тых, хто стварае YouTube-кантэнт на беларускай мове — а гэта па большай частцы невялікія і сярэднія незалежныя медыя і блогеры. Беларуская мова ў Google лічыцца "малой", відэа на ёй абмежаваныя для платнага прасоўвання. Як растлумачылі ў маскоўскім офісе, Google, адна з найбуйнейшых карпарацый свету, не можа сабе дазволіць падтрымку "малых" моў. Сітуацыяй карыстаюцца дзяржаўныя СМІ — яны ж працуюць пераважна на рускай і актыўна круцяць свае рэкламныя ролікі.

Расійскі офіс займаецца і пытаннямі блакавання кантэнту. Перамовы з платформай займаюць шмат часу, а дакладныя крытэры блакавання высвятляць не ўдаецца. "Мы назаўжды выдалілі ваш канал з YouTube. У далейшым вы не зможаце атрымліваць доступ да іншых каналаў YouTube, валодаць імі ці ствараць іх", — такое паведамленне атрымала рэдакцыя беларускага сайта Reform.by. "Спробы высветліць прычыны блакавання ні да чога не прывялі, і такім чынам выдалены ўвесь відэаархіў рэдакцыі", — расказвае каманда Reform.by. Са жніўня 2020 года праект рэгулярна публікаваў відэа з вулічных пратэстаў.

Пасля некалькіх дзён перамоў YouTube аднавіў акаўнт, усё таксама без тлумачэння прычын. Але блакаванне нават на некалькі дзён — вялікі ўдар для невялікага праекта.

Падрабязна пра сітуацыю з лічбавымі карпарацыямі ў Беларусі чытайце ў матэрыяле Еўрарадыё (на рускай).

Украіна: непразрыстасць рашэнняў і нястача мадэратараў

Непразрыстасць алгарытмаў і рашэнняў, якія прымаюцца платформамі — адна з асноўных праблем БігТэха ў цэлым. "Чым менш яны тлумачаць, тым для іх лепш, раптам тая ці іншая медыяарганізацыя пачне з імі судзіцца за несправядлівае блакаванне, тым менш будзе доказаў у судзе", — тлумачыць эксперт украінскай Лабараторыі лічбавай бяспекі Вадзім Гудыма.

Украінскія незалежныя медыя, як і рэдакцыі па ўсім свеце, часта рабілі стаўкі на прасоўванне свайго кантэнту ў Facebook. Ва Украіне, дзе незалежным СМІ нялёгка канкураваць з багатымі медыякампаніямі, звязанымі з алігархамі, выдаленне або блакаванне кантэнту ў Facebook можа стварыць сур'ёзныя праблемы. Блакаванне на пару дзён азначае страту актуальнасці гісторыі, адыход аўдыторыі і, як вынік, дарэмна выдаткаваныя рэсурсы.

Відарыс Анастасіі Еўтушэнка / hromadske

Агенцтва развіцця лакальных медыя "Або" займаецца прыкладна 50 анлайн-выданнямі ў розных гарадах Украіны. У ліпені 2020 года 11 фэйсбук-старонак падапечных выданняў сталіся заблакаванымі. На іх старонку ў фэйсбуку можна было зайсці, але большасць публікацый, якія змяшчалі спасылку на сайт, былі выдаленыя, і новыя паведамленні з матэрыяламі і навінамі з сайтаў выданняў публікаваць не атрымлівалася.

Агенцтва напісала ў службу падтрымкі Facebook, аднак праз некалькі дзён пасля звароту ўдалося аднавіць толькі адну з заблакаваных старонак. З дапамогай эксперта па медыйным праве і зваротаў у прадстаўніцтва Facebook у выніку зняць блакіроўкі ўдалося, але чаму так атрымалася, да гэтага часу незразумела — у Facebook сказалі толькі, што гэта было аўтаматычнае блакаванне ботам.

"За гэты час мы не маглі атрымліваць той трафік, што і раней. Гэта было даволі стрэсава для нас, журналісты былі дэматываваныя стратай пляцоўкі для распаўсюджвання матэрыялаў", — кажа ментарка агенцтва Гаянэ Авакян.

Сацыяльныя сеткі для медыя — гэта ў тым ліку крыніца трафіка на сайт. Калі знікае частка гэтага трафіка, знікае і частка рэкламы, а значыць — і грошай.

Відавочна, што боты не могуць разбірацца ў тонкасцях — медыя пастаянна сутыкаюцца з дзіўнымі блакаваннямі. На жаль, далёка не заўсёды дапамагаюць мадэратары. Рэгіянальны мадэратар Facebook — цяжкая і нізкааплатная праца. Адзін мадэратар за тыдзень ацэньвае каля 1500 допісаў, на рашэнне аб выдаленні ідзе прыкладна 30 секундаў. У мадэратараў проста няма часу ўнікаць у нюансы публікацый — прасцей іх блакаваць, каб не прапусціць нешта сапраўды праблемнае. Не дапамагае і адсутнасць прадстаўніцтва кампаніі ва Украіне — перамовы з замежнымі офісамі займаюць значна больш часу, дый мясцовыя медыя гэтым офісам невядомыя.

Вырашыць праблему магла б кансалідацыя незалежных медыя, лічыць экс-рэдактарка рускамоўных сацсетак hromadske Наталля Ціханава: "Што мог бы зрабіць Facebook, ужо зразумела — павялічыць колькасць мадэратараў, дазволіць стварэнне старонак тыпу "медыя" на ўкраінскай мове, адкрыць прадстаўніцтва ва Украіне. Як дамагчыся, каб нас пачулі? Мабыць, неабходна выступаць перад тэхгігантам адзіным фронтам, бо галасы прадстаўнікоў кожнага асобнага незалежнага СМІ губляюцца. Пара аб'ядноўвацца ў лічбавы прафсаюз".

Падрабязна пра тое, якія праблемы ўзнікаюць ва ўкраінскіх медыя і Facebook, чытайце ў матэрыяле hromadske (на рускай).

Над праектам працавалі: Мойсес Урбіна, Уладзімір Васкес, Дзіяна Гацкан, Ігар Іанэску, Анатоліэ Ешану, Андрэй Мунцян, Аліна Раду, Ігар Назаранка, Еўрарадыё, Ксюша Савоскіна, Ліза Сівец, Яна Сядова, Наталля Ціханава і Святлана Казлова.

Пра супрацоўніцтва і абмен досведам паміж незалежнымі медыя Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Амерыкі чытайце на сайце Colab Medios Project.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.