Без сусветных прэм'ер і імпартных аўто: заходнія кампаніі сыходзяць з Расіі

Сусветныя кінавытворцы адмяняюць прэм'еры ў Расіі​ / ura.ru
Сусветныя кінавытворцы адмяняюць прэм'еры ў Расіі​ / ura.ru

Заходнія кампаніі працягваюць адмаўляцца ад супрацоўніцтва з Расіяй, якая напала на Украіну. З апошняга — аб прыпыненні бізнесу ў гэтай краіне заявілі адразу некалькі шведскіх кампаній. Аб гэтым паведамляе ТАСС.

Ад продажу аўтамабіляў у РФ адмовіўся аўтаканцэрн Volvo Cars (на Расію прыпадала 1,3% сусветных продажаў). Пастаўкі як аўтамабіляў, так і запчастак у Расію прыпыніў вытворца грузавікоў Scania.

"Адносіны з кліентамі важныя для Scania, але тут каштоўнасці Scania былі важней", — патлумачылі ў кампаніі.

Аб прыпыненні паставак сваёй прадукцыі ў Расію кажуць і ў тэлекамунікацыйнай кампаніі Ericsson.

Раней пастаўляць аўтамабілі ў РФ адмовіліся Audi, General Motors, Volkswagen, Skoda і Jaguar Land Rover.

У аўторак стала вядома, што амерыканская фінансавая карпарацыя Mastercard заблакавала доступ да сваёй аплатнай сістэмы "шматлікім фінансавым інстытутам".

"Уварванне расійскіх узброеных сіл на мінулым тыдні мела разбуральныя наступствы для народа Украіны. Нашы думкі па-ранейшаму з тымі, хто пацярпеў",гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным на сайце кампаніі. Там патлумачылі, што доступ быў заблакаваны ў адпаведнасці з прынятымі санкцыямі.

Адмаўляюцца супрацоўнічаць з Расіяй і кінавытворцы. Амерыканская кампанія The Walt Disney Company прыпыняе паказ сваіх фільмаў у гэтай краіне.

"Улічваючы несправакаваны напад на Украіну і трагічны гуманітарны крызіс, мы прыпыняем паказ фільмаў у Расіі, у тым ліку маючага адбыцца паказу мультфільма "Я чырванею" ад Pixar", —  гаворыцца ў заяве кампаніі.

Кампанія Warner Bros. адмяніла выхад фільма "Бэтмен". Не пакажуць у расійскіх кінатэатрах і новы блокбастар Marvel кампаніі Sony Pictures —  "Морбиус" з Джарэдам Лета ў галоўнай ролі.

Sony Pictures у сувязі з тым, што адбываецца ва Украіне "паставіць на паўзу наступныя кінатэатральныя рэлізы ў Расіі, у тым ліку выпуск Morbius", паведамляе Reuters са спасылкай на рэліз кампаніі. Прэм'ера фільма была запланавана ў РФ на 24 сакавіка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі