Вы тут

Без сэкспрасвету — ад дрэннага да горшага

Аляксандр Васюковіч, Еўрарадыё

Серыял "Палавое выхаванне" (“Sex Education”) выпушчаны Netflix у студзені 2019 года, толькі за першы тыдзень пракату набраў 40 млн праглядаў. Падлеткі хочуць ведаць і гаварыць пра сэкс! Ім патрэбная даступная і якасная інфармацыя пра сэксуальнае і рэпрадуктыўнае здароўе.

Вы не згодныя? Каб зразумець, чым небяспечная адсутнасць такой інфармацыі ў падлеткаў, прайдзіце наш тэст:

Незалежныя медыя з Усходняй Еўропы ў межах праекта "Медиасети" высветлілі, з чым сутыкаюцца падлеткі, якім недаступныя сучасныя веды пра сэкс і сэксуальнасць.

 

Пачнём з лёгкага

Людзі не ўмеюць размаўляць пра сваё цела, а значыць, не могуць расказаць партнёру, што ім падабаецца, а што не, не могуць знайсці словы, каб адмовіць у сэксуальным кантакце. У Беларусі факультатыў "Асновы сямейнага жыцця" будзе ўведзены толькі ў пачатку наступнага навучальнага года. Ён закліканы фарміраваць у старшакласнікаў "каштоўнаснае стаўленне да інстытута шлюбу і сям'і". На факультатыве будуць абмяркоўваць псіхафізічныя асаблівасці юнакоў і дзяўчат, дашлюбныя адносіны, выбар партнёра, эвалюцыю ролі мужчыны і жанчыны. На жаль, уласна пытанням сэксуальнасці курс адводзіць толькі дзве гадзіны, а многія бацькі не гатовыя падтрымаць размову на гэтую тэму. Па словах актывіста Y-peer Зміцера Караля, у свой час медыцынскі ўніверсітэт праводзіў даследаванні ў каледжах, у якіх праходзілі трэнінгі па сексуальным і рэпрадуктыўным здароўі. Паводле даследаванняў, у гэтых навучальных установах значна зменшылася колькасць захворванняў, якія перадаюцца палавым шляхам.

Пра тое, хто і як займаецца развіццём камунікацыі пра сэксуальнасць, чытайце ў матэрыяле Еўрарадыё.

 

А зараз праблемы больш сур'ёзныя

У Грузіі на забароне сэксуальнай асветы ў школе настойвае царква — адзін з найбольш уплывовых інстытутаў у грамадстве, для якой "сэкс" амаль тоесна паняццю "распуста". На думку кансерватараў, інфармаваць дзяцей і падлеткаў пра сэкс павінны бацькі. Але што рабіць, калі бацькі і самі не ўмеюць гаварыць пра гэта? Некаторыя грузінскія таты, напрыклад, могуць адвесці свайго зусім непадрыхтаванага трынаццацігадовага сына да прастытуткі, каб ён атрымаў першы сэксуальны вопыт, а потым чакаць ад дзіцяці справаздачы аб мерапрыемстве. Не дзіўна, што дзеці ў такой сітуацыі бываюць траўмаваныя і шакаваныя.

Адсутнасць інфармацыі аб сродках кантрацэпцыі прыводзіць да ўсё яшчэ высокага ўзроўню непажаданых цяжарнасцей і абортаў сярод непаўналетніх. Цэнтр кантролю Грузіі за захворваннямі на працягу трох апошніх гадоў зафіксаваў наступныя дадзеныя: 2017 год — 813 выпадкаў цяжарнасці, 103 аборты; 2018 год — 675 выпадкаў цяжарнасці, 78 абортаў; 2019 год (папярэднія дадзеныя) — 261 выпадак цяжарнасці, 27 абортаў.

Пра тое, як грузінскія кансерватары супрацівяцца ўвядзенню сэксуальнай асветы, чытайце ў матэрыяле JAM-News “Сэксуальная асвета ў Грузіі — закрытая і небяспечная тэма”.

 

Горш не прыдумаеш

Калі тэма сэксу і сэксуальнасці татальна ігнаруецца, наступствы бываюць страшныя. Напрыклад, калі дзяўчынка, якая ўступіла ў сэксуальныя адносіны, успрымаецца як парушальніца грамадскай маралі. З такім дзіцем можа адбыцца што заўгодна — яе змогуць шантажыраваць і цкаваць; і бацькі, якія падзяляюць уяўленні пра сэкс як пра нешта бруднае або забароненае, не могуць абараніць сваю дачку.

Калі пра сэкс не кажуць, няма каму растлумачыць дзецям, што нельга вінаваціць ахвяру недобраахвотнага сэксуальнага кантакту. Адсутнасць магчымасці пагаварыць пра гэта са старэйшымі прыводзіць да гісторый накшталт той, што здарылася з 16-гадовай дзяўчынкай з Азербайджана. Аднакласнік, у якога былі інтымныя фатаграфіі дзяўчыны, прымусіў яе займацца сэксам з іншымі маладымі людзьмі ў абмен на абяцанне не распаўсюджваць фатаграфіі. Справа скончылася групавым згвалтаваннем.

Больш падрабязна пра гэты і іншыя трагічныя выпадкі чытайце ў матэрыяле Meydan.tv “Дзіцячы сэкс у Азербайджане: што бывае, калі саромецца гаварыць з дзецьмі пра сэкс”.

У лютым 2019 года кампанія Netflix абвясціла аб тым, што працягвае "Палавое выхаванне" на другі сезон. Гледачы, якія паглядзелі першы сезон серыяла пра прыгоды падлеткаў у пару палавога паспявання, самім фактам праглядаў пацвердзілі, што размова пра сэкс можа быць смешнай і кранальнай, што забароненых тэм у гэтай сферы не бывае, а замоўчванне і ігнараванне вядзе толькі да нарастання праблем. Магчыма, гэта зразумеюць і ў тых краінах, дзе тэма да гэтага часу табуяваная.

Над праектам у межах "Медиасети" працавалі: Дзімітры Аваліані, Анастасія Бойка, Аляксандр Васюковіч, Хаціа Гагаберыдзэ, Маша Калеснікава, Дзіана Петрыашвілі, Давід Піпіа, Сеўда Самедава, Яўгенія Снежкіна.