Вы тут

Без намёкаў. Як ЗША дапамаглі перамагчы ў вайне

Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснасцю выпадковыя / калаж Улада Рубанава

ЗША выдалі ў арэнду тавары і матэрыялы, неабходныя для ваенных дзеянняў, а плату патрабавалі толькі за тое, што ацалела пасля вайны.

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае, што такое ленд-ліз і якая яго роля ў перамозе над нацыстамі. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснасцю выпадковыя.

З’яўленню ленд-лізу папярэднічаюць падзеі ў траўні 1940 года. На той момант Гітлер практычна захапіў Заходнюю Еўропу — пагроза нацысцкага ўварвання навісла і над Вялікабрытаніяй. 15 траўня яе прэм'ер Уінстан Чэрчыль папрасіў у прэзідэнта ЗША Франкліна Рузвельта даць Брытаніі ў часовае карыстанне 40-50 старых эсмінцаў. У абмен ён прапанаваў доступ да брытанскіх ваенна-марскіх і паветраных баз у Атлантычным акіяне. Англічане прапанавалі тры схемы разліку: бязвыплатны падарунак, аплата наяўнымі ці лізінг. У выніку пагадзіліся на трэцім варыянце: у верасні таго ж года першыя амерыканскія эсмінцы адправіліся ў Брытанію.

Уінстан Чэрчыль і Франклін Рузвельт

Гэты досвед у Мінфіне ЗША вырашылі паспрабаваць перанесці і на іншыя краіны-хаўрусніцы. У пачатку 1941 года законапраект аб ленд-лізе прайшоў абедзве палаты парламента, а 11 сакавіка яго падпісаў прэзідэнт Рузвельт.

Што сабой уяўляў ленд-ліз? ЗША перадаюць у арэнду іншым дзяржавам зброю і іншыя тавары, неабходныя ў часе вайны. За пастаўленыя матэрыялы, якія былі знішчаны альбо выкарыстаны ў ходзе баявых дзеянняў, плаціць было не трэба. А вось за ўсё тое, што пасля заканчэння вайны засталося і было прыдатнае для цывільных патрэб, трэба было заплаціць — поўнасцю ці часткова ў выглядзе доўгатэрміновых крэдытаў.

Нават савецкую сістэму рэактыўнага агню “Кацюша” ўсталёўвалі на амерыканскія грузавікі Studebaker

Заходняя тэхніка ў СССР, па розных ацэнках, складала: па бранятанкавых войсках — 16 адсоткаў, авіяцыі — 15, флоце — 32, зенітнай артылерыі — 18. Што ж да грузавых і легкавых аўтамабіляў, то іх доля даходзіла амаль да 70 адсоткаў. Нават савецкую сістэму рэактыўнага агню “Кацюша” ўсталёўвалі на амерыканскія грузавікі Studebaker.

У часе вайны амерыканскія СМІ шырока і падрабязна асвятлялі выкананне праграмы ленд-лізу. А савецкая прапаганда ўжо пасля першых паставак агучвала прэтэнзіі да атрыманых самалётаў і танкаў ці зусім замоўчвала амерыканскую дапамогу. Дайшло да таго, што ў сакавіку 1943 года амерыканскі амбасадар у СССР Аверэл Гарыман заявіў: “Савецкія ўлады, відаць, хочуць схаваць, што атрымліваюць дапамогу звонку. Відавочна, яны хочуць запэўніць свой народ у тым, што Чырвоная Армія ваюе ў гэтай вайне адна”. І толькі на Ялцінскай канферэнцыі ў лютым 1945 года Сталін прызнаў, што “ленд-ліз — выдатны і самы плённы ўклад Рузвельта ў стварэнне антыгітлераўскай кааліцыі”.

Дзеянне закона аб ленд-лізе скончылася 21 жніўня 1945 года. На той момант ЗША перадалі дапамогу на 50,1 мільярда долараў, больш за 11 з якіх — у СССР. Пасля гэтага ЗША падлічылі даўгі і выставілі рахункі краінам-атрымальніцам. Для СССР спачатку налічылі 2 мільярды 600 мільёнаў долараў, але ў 1948 годзе гэтую суму паменшылі ўдвая з растэрміноўкай на 30 гадоў пад 2,3 адсотка гадавых. Сталін тады заявіў, што “СССР цалкам расплаціўся па даўгах за ленд-ліз крывёй сваіх салдат”. У выніку Савецкі Саюз пагадзіўся выплаціць толькі 170 мільёнаў долараў, што, натуральна, не задаволіла амерыканскі бок.

Пагадненне аб парадку пагашэння даўгоў удалося заключыць толькі ў 1972 годзе. СССР абавязаўся да 2001 года выплаціць ЗША 722 мільёны долараў. Аднак ужо налета адносіны паміж краінамі зноў пагоршыліся і выплаты спыніліся.

У 1990 годзе савецкі лідар Міхаіл Гарбачоў і амерыканскі прэзідэнт Джордж Буш-старэйшы дамовіліся пра 674 мільёны долараў, якія СССР выплаціць да 2030 года. Пасля распаду СССР доўг перааформілі на ягоную правапераемніцу. Расійская Федэрацыя поўнасцю пагасіла яго ў жніўні 2006 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.