Вы тут

Без намёкаў. Як урад у выгнанні змагаецца за свабоду

Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя / калаж Улада Рубанава

Нязносныя ўмовы і рэпрэсіі на радзіме — нагода не толькі для масавай эміграцыі, але і для стварэння цэлага ўрада ў выгнанні.

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” прыгадвае гісторыю няпростых адносін Кітая і Тыбета. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя.

Кітайская экспансія

У кастрычніку 1950-га кітайскае войска ўваходзіць у Тыбет з мэтай яго “мірнага вызвалення”. Тыбецкае кіраўніцтва ж назвала гэта не іначай як уварваннем камуністычнага Кітая, якому было не даспадобы памкненне рэгіёна да самастойнасці.

Тым не менш у краіне працягваў функцыянаваць традыцыйны ўрад Далай-ламы з двума прэм'ер-міністрамі на чале. Гэта нават задакументавалі ў траўні 1951 года, калі паміж урадам Кітая і дэлегацыяй урада Тыбета было падпісана “Пагадненне з 17 пунктаў”. Паводле яго, Тыбет уключаўся ў склад Кітая з захаваннем урада. 

Гэта была вымушаная мера пасля таго, як ні адна з сусветных дзяржаў не прыйшла на дапамогу Тыбету пасля прад'яўлення кітайскіх прэтэнзій на яго тэрыторыю. ААН таксама праігнаравала просьбу ўрада Тыбета пра дапамогу ў супрацьдзеянні кітайскай акупацыі.

Масавае паўстанне тыбетцаў і стварэнне ўрада ў выгнанні

У 1959 годзе адбылося масавае паўстанне тыбетцаў супраць улады КНР. У выніку 28 сакавіка 1959 года кітайскі бок анулюе “Пагадненне з 17 пунктаў”, а ўрад Тыбета распускае. На наступны дзень у Індыі быў створаны ўрад Тыбета ў выгнанні на чале з Далай-ламам XIV, які пакінуў краіну ўжо 17 сакавіка, боючыся пераследу.

Ад самага пачатку існавання арганізацыя паставіла перад сабой мэту — “рэабілітацыя тыбецкіх уцекачоў і аднаўленне свабоды і шчасця ў Тыбеце”.

Дзейнасць урада ў выгнанні

У лютым 1960 года было створана першае тыбецкае паселішча ў Білакупе ў Паўднёвай Індыі. Урад пераязджае ў Дхарамсалу. У верасні таго ж года быў створаны яшчэ адзін орган — Тыбецкі парламент у выгнанні (цяпер — Асамблея тыбецкіх народных дэпутатаў).

У 1963 годзе ўрад публікуе падрабязны праект Канстытуцыі Тыбета ў выгнанні. У 1960-х і 1970-х гадах урад працуе не толькі ў палітычным рэчышчы, але і ў адукацыйным і культурным: у Дхарамсале ствараецца Тыбецкі інстытут медыцыны і астралогіі, Бібліятэка тыбецкіх прац і архіваў, Тыбецкі інстытут тэатральных мастацтваў, Паліграфічны цэнтр тыбецкай культуры.

Спробы дагрукацца да Кітая

З 1979 года Далай-лама XIV спрабуе дамовіцца з прадстаўнікамі кітайскага ўрада. 2 жніўня дэлегацыя з пяці чалавек разам са старэйшым братам Далай-ламы Г’ела Тхондупам выехала з Дэлі ў Тыбет праз Пекін. Дэлегацыю сустракалі тысячы тыбетцаў. 

У 1982 годзе пасланцы Далай-ламы правялі перамовы з кітайскімі ўладамі. Там прапанавалася аб'яднаць Вялікі Тыбет у адну палітыка-адміністрацыйную адзінку ў складзе Кітая і надаць статус па прыкладзе Ганконга. Улады Кітая на гэта не пайшлі. На перамовах 1984 года прадстаўнікі КНР пагадзіліся абмяркоўваць толькі статус Далай-ламы і ўмовы яго вяртання. З 1985 года больш ніводнай дэлегацыі не дазвалялі наведваць Тыбет.

Негвалтоўны супраціў

Далай-лама атрымлівае Нобелеўскую прэмію міра

У 1987 годзе на пасяджэнні Камітэта па правах чалавека Кангрэса ЗША Далай-лама абвяшчае, што ў барацьбе за незалежнасць краіны будзе прытрымлівацца выключна мірных інструментаў. А ўжо ў 1989 годзе ён атрымлівае Нобелеўскую прэмію міру за негвалтоўную барацьбу за свабоду Тыбета, захаванне яго гістарычнай і культурнай спадчыны.

У 1991 годзе Далай-лама ратыфікаваў Канстытуцыю ўрада Тыбета ў выгнанні, вядомую як “Хартыя тыбетцаў у эміграцыі”. А праз год прадставіў “Рэкамендацыі для будучага грамадскага ладу Тыбета і асноўныя рысы яго Канстытуцыі”. Там ён паабяцаў, што не будзе “выконваць якіх-небудзь абавязкаў у будучым урадзе Тыбета” (у 2011-м ён сапраўды адмовіцца ад значнай часткі сваіх паўнамоцтваў). Таксама ён сказаў, што тыбецкі ўрад у выгнанні будзе распушчаны адразу пасля таго, як Тыбет ізноў здабудзе свабоду і будзе створаны новы дэмакратычны ўрад.

Дзяржава ў дзяржаве

У цяперашні час Кашаг (тыбецкі Савет Міністраў у выгнанні) кіруе сямю дэпартаментамі: унутраных спраў; рэлігіі і культуры; адукацыі; аховы здароўя; бяспекі; фінансаў; інфармацыі і міжнародных сувязяў. 100-тысячная тыбецкая дыяспара ў Індыі фактычна ўяўляе сабой “дзяржаву ў дзяржаве”, у якой ёсць школы, лякарні і іншыя ўстановы.

Дэпартамент фінансаў урада ў выгнанні мае шэраг прадпрыемстваў, якія штогод фармуюць бюджэт урада ў выгнанні, каб забяспечваць яго бесперабойнае функцыянаванне.

З 2008 года ўрад Тыбета ў выгнанні абвясціў пра спыненне перамоваў з Кітаем. Дагрукацца так і не атрымалася.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.