Без намёкаў. Як дыктатарскі рэжым пазбаўляў грамадзянства “ўцёклых”

Без намёкаў. Як дыктатарскі рэжым пазбаўляў грамадзянства “ўцёклых”

Дыктатарскі рэжым вынайшаў элегантны спосаб замагацца з “уцёклымі” — пазбаўляць іх грамадзянства.  

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае, як “чорныя палкоўнікі” ў Грэцыі пазбавілі грамадзянства зорку кіно. Гэта экскурс у сусветную гісторыю. Усе паралелі з сучаснай Беларуссю  — выпадковыя.

Рэжым “чорных палкоўнікаў” дзейнічаў у Грэцыі з 1967 да 1974 года і ўвайшоў у яе гісторыю як час, у які вяршэнствавалі правакансерватыўныя палітычныя ідэі. На чале хунты стаялі палкоўнікі грэцкіх Узброеных сіл, а кіраўніком краіны стаў генерал Дзімітрыяс Іаанідзіс. Для грэцкага народа і ў першую чаргу для прыхільнікаў іншых палітычных ідэй гэты перыяд азнаменаваўся жорсткімі пераследамі палітычных апанентаў аж да забойстваў і катаванняў.

Без намёкаў. Як дыктатарскі рэжым пазбаўляў грамадзянства “ўцёклых”
Палкоўнікі Георгіяс Пападопулас, Стыліянас Патакас і Нікалаас Макарэзас

Стыліянас Патакас быў адным з галоўных завадатараў перавароту. Менавіта ён увёў танкі ў Афіны і зрынуў дэмакратыю. Патакас з дапамогай падпарадкаваных яму падраздзяленняў усталяваў кантроль над вузламі сувязі, парламентам і палацам караля. Тады ў Грэцыі былі арыштаваны і кінуты ў лагеры тысячы чалавек.

На працягу сямі гадоў ваеннай хунты Патакас быў міністрам унутраных спраў і першым віцэ-прэм'ерам урада.

Палкоўнік Патакас вядомы тым, што менавіта ён аддаў загад аб пазбаўленні грэцкага грамадзянства вядомай актрысы і спявачкі Меліны Меркуры. Яна ў перыяд ваеннай дыктатуры жыла ў Францыі і актыўна выступала супраць хунты. У адказ Меркуры заявіла сваю знакамітую фразу: “Я нарадзілася грачанкай і памру грачанкай. А спадар Патакас нарадзіўся фашыстам і памрэ фашыстам”.

Без намёкаў. Як дыктатарскі рэжым пазбаўляў грамадзянства “ўцёклых”
Меліна Меркуры

Пасля падзення хунты на судзе Патакас быў прызнаны вінаватым у дзяржаўнай здрадзе і ва ўдзеле ў перавароце і прысуджаны да смяротнага пакарання, якое было заменена пажыццёвым зняволеннем. Ён быў вызвалены ў верасні 1990 года па стане здароўя. Патакас памёр на 104 годзе жыцця ў 2016-м. 

Пасля краху рэжыму “чорных палкоўнікаў” Меркуры вярнулася на радзіму  — у 1980-я і ў пачатку 1990-х займала пасаду міністра культуры Грэцыі. Яна стала першай жанчынай-міністрам у краіне. 

Меліна Меркуры змагалася за вяртанне з Брытаніі ў Грэцыю мармуровых фрагментаў і скульптур Парфенона, займалася ўзвядзеннем новага будынка музея Акропаля, падтрымала ідэю Міжнародных Дэльфійскіх гульняў. 

У народзе яе любілі і звалі “апошняй грэцкай багіняй”. Актыўнай грамадскай дзейнасцю Меліна займалася да самых апошніх дзён. У 1994 годзе яна памерла ад раку лёгкіх ва ўзросце 73 гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі