Без намёкаў. Як дыктатар ліквідаваў за мяжой свайго апанента

Гэта экскурс у сусветную гісторыю. Усе паралелі з сучаснай Беларуссю і яе хаўруснікамі выпадковыя / калаж Улада Рубанава

Замежная дзейнасць і выказванні гэтага палітвязня вельмі не падабаліся на радзіме дыктатарскай уладзе. Таму праблему са “збеглым” вырашылі радыкальна — праз яго забойства.

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае, як у Мексіцы забілі Льва Троцкага. Гэта экскурс у сусветную гісторыю. Усе паралелі з сучаснай Беларуссю і яе хаўруснікамі выпадковыя.  

У 1927 годзе Іосіф Сталін разам са сваімі паплечнікамі паспрабаваў пазбавіцца ад Льва Троцкага, які трапіў у сур'ёзную няміласць праз правядзенне альтэрнатыўнай дэманстрацыі ў дзесяцігоддзе Кастрычніцкай рэвалюцыі. Але тады яшчэ абышлося без расстрэлу: Троцкага адправілі ў ссылку ў Казахстан.

“У 1928 годзе, калі я быў выключаны з партыі і высланы ў Цэнтральную Азію, не толькі аб расстрэле, але і аб арышце немагчыма было яшчэ казаць: пакаленне, з якім я прайшоў праз Кастрычніцкую рэвалюцыю і Грамадзянскую вайну, было яшчэ жывое”, — так сам Троцкі тлумачыў, як ён пазбегнуў фізічнай ліквідацыі. 

У 1929-м Троцкі высланы з СССР. Ён перабіраўся з адной краіны ў іншую, але нідзе яму не былі рады: ні ў Турцыі, ні ў Францыі. Адны не хацелі бачыць у сябе рэвалюцыянера са стажам, іншыя ж не жадалі раздражняць афіцыйную Маскву лютым ворагам Сталіна. Прытулак Троцкі знайшоў толькі ў Мексіцы. Яго пасяліў у сваёй хаце мясцовы мастак і камуніст Дыега Рывера.

Дастаць ворага на іншым канцы свету аказалася цяжка. Але Сталін лічыў, што нядаўні член палітбюро і наркам па ваенных і марскіх справах павінен быць знішчаны. План забойства Троцкага Сталін ухваліў у жніўні 1939 года.

У канцы траўня 1940 года быў самы першы замах на Троцкага. Забіць выгнанніка пераканалі групу мексіканскіх камуністаў, сярод іх быў вядомы мастак Давід Альвара Сікейрас, якога з тых часоў асабліва палюбілі савецкія кіраўнікі. Два дзясяткі чалавек у паліцэйскай форме раззброілі ахову Троцкага, закідалі дом гранатамі і абстралялі з кулямётаў. Ён цудам застаўся жывы.

Тады на ролю забойцы падабралі іспанца Рамона Меркадэра. Яго бацька быў адным з найбагацейшых людзей у Барселоне. Маці, Карыдад дэль Рыа Эрнандэс, кінула мужа і захапілася анархісцкімі ідэямі. Яна стала агентам НКУС і прапанавала чэкістам звярнуць увагу на сына.

Рамон справіўся са сваёй роляй: спакусіў адну з адданых Троцкаму жанчын, каб яна прывяла яго да будучай ахвяры. 20 жніўня 1940 года Меркадэр прыйшоў да Троцкага і папрасіў прачытаць яго артыкул. Калі ён узяўся за чытанне, Меркадэр, які стаяў у яго за спіной, дастаў ледасек са скарочанай ручкай і абрынуў яго на галаву ахвяры.

Меркадэр спадзяваўся забіць Троцкага адным ударам і ўцячы. Але смяротна паранены Троцкі ўступіў у барацьбу і нават змог укусіць нападаючага. Аднак на наступны дзень Троцкі памёр у шпіталі.

Рамона Меркадэра ахоўнікі Троцкага схаплілі на месцы і пабілі. Ён правёў у мексіканскай турме 20 гадоў, а на судзе адпрэчваў усякую сувязь з СССР.

6 траўня 1960 году Меркадэр выйшаў на волю: пры ім быў чэхаславацкі пашпарт і квіток на Кубу, адкуль ён павінен быў адправіцца ў СССР. Па прыбыцці ў Маскву ён атрымаў пашпарт на імя Рамона Іванавіча Лопеса. А ўжо 31 траўня выйшаў загад: зорку Героя Савецкага Саюза Рамон Меркадэр атрымліваў з рук тагачаснага кіраўніка КДБ Аляксандра Шаляпіна і старшыні прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Леаніда Брэжнева.

Пасля Меркадэр быў залічаны на пасаду старшага навуковага супрацоўніка ў Інстытут марксізму-ленінізму, дзе ён займаўся гісторыяй грамадзянскай вайны ў Іспаніі. Акрамя таго, ён атрымаў пенсію ад КДБ, а таксама кватэру ў Маскве і дзяржаўную дачу. У сярэдзіне 1970-х гадоў Рамон Меркадэр пераехаў на Кубу, дзе працаваў у міністэрстве замежных спраў.

Памёр Меркадэр у 1978 годзе на “Востраве свабоды”, і яго прах быў з ушанаваннямі пахаваны ў Маскве. Троцкі не быў рэабілітаваны нават у ходзе перабудовы. Рашэнне аб яго рэабілітацыі было прынятае ўжо ў 1992 годзе, калі краіны, у стварэнні якой Троцкі прымаў непасрэдны ўдзел, ужо не існавала.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.