“Белтэлекам” знізіў тарыфы на званкі на МТС
Аператары сувязі
"Белтэлекам" і "Мабільныя ТэлеСістэмы" дасягнулі дамовы аб
паніжэнні з 1 траўня тарыфаў на званкі са стацыянарнага сеціва "Белтэлекам"
на сотавае сеціва "МТС". Паніжэнне тарыфаў датычыцца як фізічных, так
і юрыдычных асобаў.
Цяпер званок з “хатняга” тэлефона ў працоўныя дні з 6:00 да 23:00 будзе каштаваць 243 рублі за хвіліну (пры старым тарыфе ў 258 рублёў). У працоўныя дні ў начны час (з 23.00 да 6.00), а таксама ў выходныя і святочныя дні кошт званка складзе 118 рублёў за хвіліну замест ранейшых 129 рублёў.
З 1 траўня званок з “офіснага” тэлефона без падатка на дададзеную вартасць у працоўныя дні з 6.00 да 23.00 каштуе 212 рублёў за хвіліну замест ранейшых 227 рублёў. У астатні час, у тым ліку ў святочныя і выходныя дні, – 118 рублёў за хвіліну (раней – 129 рублёў).
Вядуцца перамовы наконт
аналагічнага паніжэння тарыфаў на званкі на сотавыя сеткі іншых аператараў.