BELPOL паведаміў статыстыку траўмаў і здарэнняў у беларускім войску

Беларускія вайскоўцы, ілюстрацйыйнае фота

Беларускія вайскоўцы, ілюстрацйыйнае фота / Еўрарадыё

Арганізацыя былых сілавікоў BELPOL апублікавала архіўную статыстыку здарэнняў з траўмамі ў беларускім войску на працягу аднаго месяца. У арганізацыі кажуць, што здарэнні не абнародваліся, але ўсе яны пацверджаныя дакументамі.

6-я асобная механізаваная брыгада (Гродна)
Два вайскоўцы (прапаршчык і шараговец-кантрактнік) атрымалі разнастайныя траўмы, апынуўшыся паміж браніраванай рамонтна-эвакуяцыйнай машынай БРЭМ-Ч і гусенічным браніраваным цягачом БТС-4 падчас іх счэпкі.

11-я асобная механізаваная брыгада (Слонім)
У ходзе пагрузкі на трал перакулілася БМП-2 (баявая машына пяхоты). Разнастайныя траўмы пры гэтым атрымаў вайсковец тэрміновай службы.

336-я рэактыўная артылерыйская брыгада (Асіповічы)
На занятку па агнявой падрыхтоўцы навучэнец трапіў гранатай у верхнюю частку сценкі агароджы акопа. Адскочыўшы, граната звалілася ў гранатаўлоўлівальнік. Капітан, які кіраваў заняткамі, укрыў вайскоўца на спецыяльна абсталяванай пляцоўцы, але страціў раўнавагу і сам атрымаў асколачныя раненні ды выбуховую траўму лёгкіх тканак левай ягадзіцы і левага сцягна.

11-я асобная механізаваная брыгада (Слонім)
Падчас капання хованкі для тэхнікі з выкарыстаннем ПЗМ-2 (палкавая землекапальная машына) на намёт звалілася дрэва, якое расло недалёка ад акопа. Яно ўпала на намёт, дзе быў вайсковец тэрміновай службы. Шараговец атрымаў разнастайныя пераломы.

120-я асобная механізаваная брыгада (Уручча, Мінск)
Падчас руху перакулілася БРДМ (браніраваная разведвальна-дазорная машына). Разнастайныя траўмы (у тым ліку пералом костак таза) атрымаў вайсковец тэрміновай службы, малодшы сяржант.

Вайсковая акадэмія 
Падчас заняткаў па ваджэнні танка на няроўнай дарозе шараговец стукнуўся правым вокам аб прыбор назірання і атрымаў страсенне галаўнога мозгу, пералом костак чэрапа ды іншыя траўмы.

120-я асобная механізаваная брыгада (Уручча, Мінск)
Падчас выезду машыны з гаража на старшага лейтэнанта звалілася створка брамы. Афіцэр атрымаў траўмы.

2-я інжынерная брыгада (Мінск)
Пры абслугоўванні самазвала МАЗ на шарагоўца зваліўся задні борт машыны. У выніку ён атрымаў выцятую рану патылічнай часткі галавы.

Акрамя таго, у той жа перыяд падчас заняткаў па фізпадрыхтоўцы вайскоўцы атрымалі адзін пералом, адзін вывіх, адзін удар. Пры правядзенні гаспадарчых работ — тры пераломы і адну колатую рану. Пры абслугоўвання тэхнікі — адну ірваную рану і адзін удар. Пры ахоўванні і патруляванні — два пераломы і адзін укус бяздомнага сабакі. Пры іншых абставінах — адзін пералом, дзве непрытомнасці і тры ўдары.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі