Белнафтахім: “Такога, што нафта ў Расіі патаннела на 43%, не чулі”

А таму і кошты на паліва на беларускіх аўтазапраўках канцэрн памяншаць не збіраецца. Паводле інфармацыі расійскага агенцтва «ИнфоТЭК консалт», нафта на расійскім рынку з учорашняга дня патаннела на 43%. Расійскія аналітыкі прадказваюць, што ў бліжэйшы час павінны патаннець і ўсе нафтапрадукты. Кажучы прасцей – расійскія аўтаўладальнікі будуць менш плаціць за паліва на аўтазапраўках.

Галоўным пастаўшчыком сырой нафты для беларускіх нафтаперапрацоўчых камбінатаў з’яўляецца Расія. Вырабленым менавіта з расійскай нафты палівам потым гандлюе канцэрн “Белнафтахім” на айчынных запраўках. Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці чакаць і беларускім аўтааматарам паніжэння коштаў на паліва.


Як стала вядома Еўрарадыё, у “Белнафтахіме” нават не чулі пра тое, што ў Расіі нафта патаннела. А на падставе такіх “чутак”, як гэтае паведамленне назваў памочнік старшыні канцэрна Сяргей Хляба, ніхто ў іх прагназаваць змены коштаў на паліва проста не стане.

Сяргей Хляба: “Я такога не чуў, што на 43% патаннела нафта. І я не думаю, што хтосьці вам нешта зможа адказаць на вашае пытанне на падставе гэтых чутак”.

Па яго словах, нават калі б “Белнафтахім” і хацеў зрабіць падарунак беларускім аўтааматарам і знізіць кошты на паліва, ён гэтага зрабіць не можа. Гэта, маўляў, не іх кампетэнцыя.

Сяргей Хляба: “Мы кошты не ўстанаўліваем. Не мы гэтым пытаннем займаемся. Тое, што нам даводзяць, з тым мы і працуем”.

Як стала вядома Еўрарадыё, пытанні коштаўтварэння на нафтапрадукты ў Беларусі курыруе Савет міністраў, паколькі гэтая галіна з’яўляецца бюджэтаўтваральнай. Але як паведаміў прэс-сакратар прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага Аляксандр Цімашэнка, міністры гэта абмяркоўваюць, толькі калі з “Белнафтахіма” прыходзіць папера з адпаведнай прапановай.

Аляксандр Цімашэнка: “Прапанову яны ўносіць будуць. А распрацоўваюць яны такую прапанову ці не, гэта лепш у іх пытаць”.

Пакуль жа, па яго словах, ад “Белнафтахіма” ў Савет міністраў ніякіх прапаноў наконт змены коштаў на паліва не паступала. Прынамсі, ён пра гэта не толькі на афіцыйных нарадах, але і ў кулуарах Саўміна нічога не чуў.

Па словах эканаміста Леаніда Злотнікава, чакаць грунтоўнага зніжэння коштаў на аўтазапраўках Беларусі не даводзіцца. Нягледзячы на памяншэнне коштаў на сырую нафту як ў Расіі, там і ў свеце.

Леанід Злотнікаў: “У кошце паліва каля 50% — гэта падаткі, якія дзяржава ўжо ўлічвае і зразумела, што яна не будзе значна паніжаць кошт паліва, бо тут ужо інтарэсы дзяржавы. Скажам, калі сабекошт нафты зменшыўся на 100 рублёў, то і кошт паліва зменшыцца на 100 рублёў, такога не адбудзецца. Кошты могуць зменшыцца не на 100, а на 50 рублёў. Але паніжэння ў такой жа прапорцыі, як панізіўся кошт нафты, я не чакаю”.

Нагадаем, што апошні раз кошты на паліва ў Беларусі змяніліся сёлета 6 ліпеня. Тады дызельнае паліва стала даражэй на 190 рублёў, альбо 9,8%, і стала каштаваць 2130 рублёў за 1 літр. Астатняе падаражэла на 5% — А-76 (Нармаль-80) падаражэў на 90 рублёў і стаў каштаваць 1850 рублёў, бензін АІ-92 — на 120 рублёў і стаў 2350, АІ-95 — на 130 рублёў і стаў 2670 рублёў за літр.

Тады гэтае павышэнне коштаў у канцэрне “Белнафтахім” тлумачылі павелічэннем коштаў нафты ва ўсім свеце, і ў Расіі ў прыватнасці. Застаецца незразумелым, чаму “чуткі” пра павышэнне коштаў да супрацоўнікаў беларускага канцэрна даходзяць хутка, а вось пра памяншэнне могуць і ўвогуле не дайсці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі