"Белмытсэрвіс" абвяргае, што пастаўляе санкцыйную прадукцыю ў Расію

"Белмытсэрвіс" абвяргае, што пастаўляе санкцыйную прадукцыю ў Расію

РУП "Белмытсэрвіс" абвяргае інфармацыю пра свой удзел у пастаўках санкцыйнай прадукцыі ў Расію. Адпаведная заява з'явілася на афіцыйным сайце кампаніі

Як распавядала Еўрарадыё, інфармацыю пра кантрабандныя пастаўкі прадуктаў у Расію апублікавала інфармацыйнае агенцтва РБК са спасылкай на Федэральную мытную службу. Паведамлялася, што продажам прадуктаў, якія трапляюць пад расійскае харчовае эмбарга, займаюцца 29 кампаніяў. Усе яны атрымліваюць пастаўкі ад трох беларускіх кампаніяў — РУП “Белмытсэрвіс”, ААТ “Газ Венчурэ” і ААТ “Глобалкастом”. 

У сваім звароце "Белмытсэрвіс" заяўляе: "Вымушаныя паведаміць: РУП "Белмытсэрвіс" не ўдзельнічае ў нелегальных пастаўках у Расійскую Федэрацыю тавараў санкцыйнай групы". 

Беларуская кампанія падкрэслівае, што пастаўкі плодаагародніннай прадукцыі ў Расійскую Федэрацыю суправаджаецца сертыфікатамі, якія выдаюцца фітасанітарнамі службамі краін адпраўлення. Пры ўвозе на тэрыторыю Расіі тавар праходзіць праверку на стацыянарных пастах Рассельгаснагляду, дзе праверка можа зацягвацца на некалькі дзён. 

"І толькі пасля выдачы расійскім ўпаўнаважаным органам акту другаснага фітасанітарнага кантролю тавар можа быць уцягнуты ў законны абарот на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Копii такiх дакументаў расійскія партнёры накіроўваюць у РУП "Белмытсэрвіс", што сведчыць пра адсутнасць прэтэнзій да рэалізуемых на тэрыторыі Расіі тавараў", — падкрэсліваецца ў заяве.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі