Вы тут

Белгідрамет: паветраныя масы з Северадзвінска абышлі нас бокам

pexels.com

Некалькі расійскіх станцый маніторынгу радыеактыўнасці перасталі працаваць пасля выбуху ў Северадзвінску эксперыментальнай ракеты з радыеізатопнай крыніцай сілкавання. Пра гэта стала вядома 19 жніўня з даклада Арганізацыі па Дагаворы аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў.

У дзень інцыдэнту, 8 жніўня, у Расіі зафіксавалі нядоўгае трохкратнае перавышэнне нормы радыяцыі. Аднак потым яго растлумачылі праходжаннем воблака радыеактыўных інертных газаў. Нязначнае перавышэнне радыяцыйнага фону таксама зафіксавалі на памежнай з Расіяй нарвежскай станцыі Сванхоўд. Даных са станцый маніторынгу, якія не працавалі, няма.

Еўрарадыё разбіраецца, ці магла радыяцыя дайсці да Беларусі, чаму напружыліся ў Казахстане, што магло здарыцца з расійскімі станцыямі маніторынгу і як у прынцыпе ўладкавана сістэма абвяшчэння аб радыеактыўнасці.

Выканаўчы сакратар Арганізацыі па Дагаворы аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў (CTBTO) Ласіна Зербо 19 жніўня апублікаваў даныя, паводле якіх радыеактыўныя часціцы пасля выбуху на ваенным аб'екце пад Архангельскам 8 жніўня маглі дасягнуць Казахстана. Казгідрамет пакуль апублікаваў даныя радыяцыйнага гама-фону за перыяд з 8 па 19 жніўня 2019 года ў абласцях Казахстана на мяжы з РФ, і яны не перавышаюць нормы. А вынікі лабараторнага аналізу бэта-актыўных выпадзенняў будуць апублікаваныя ў верасні.

У Беларусі радыяцыйная абстаноўка не змянялася

Начальнік службы радыяцыйнага маніторынгу Белгідрамета Міхаіл Каваленка расказаў Еўрарадыё, што на тэрыторыі Беларусі змен у радыяцыйнай абстаноўцы не зафіксавана:

"Радыяцыйная абстаноўка ў Беларусі за ўвесь час інцыдэнту заставалася стабільнай, нейкіх змен мы не змаглі зафіксаваць. Па інфармацыі міжнароднай арганізацыі [Арганізацыі па Дагаворы аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў. — Еўрарадыё], паветраныя масы з таго рэгіёна не закранулі Беларусь. Магчыма, таму мы і не зафіксавалі змен".

Ён адзначыў, што "паветранае асяроддзе — гэта асноўная крыніца, самае дынамічнае асяроддзе паступлення радыенуклідаў, таму нашы стацыянарныя пункты штодня адбіраюць пробы паветра".

"Нашы метады забяспечваюць дастатковую адчувальнасць для вызначэння радыенуклідаў, асабліва тэхнагенных, — запэўнівае Міхаіл Каваленка. — Тое ж самае магу сказаць пра нашы аўтаматызаваныя сістэмы, якія штохвілінна адсочваюць сітуацыю. У нас 30 аўтаматычных пунктаў вымярэння, і таксама нічога зафіксавана не было".

Па словах начальніка службы радыяцыйнага маніторынгу, нечаканыя сітуацыі з радыяцыяй адсочвае і Белгідрамет, і МНС Беларусі:

"У Белгідрамеце ёсць кругласутачныя аддзелы, якія кантралююць усе экстрэмальныя і аварыйныя сітуацыі з радыяцыяй, туды сцякаецца ўся інфармацыя. МНС атрымлівае інфармацыю ў рэжыме рэальнага часу: тое, што бачым мы, бачаць і яны. Акрамя таго, у МНС ёсць рэспубліканскі атрад ліквідацыі радыяцыйных аварый, яны таксама да гэтага гатовыя. Маніторынгам інфармацыі займаемся мы, гэта наша сетка функцыянуе па ўсёй Беларусі. Але калі нешта здарыцца, то ў МНС шырокая сетка пунктаў, якія таксама ўкамплектаваны дазіметрычным абсталяваннем. Іх асноўная задача — ліквідацыя наступстваў", — тлумачыць Міхаіл Каваленка.

Выхад са строю расійскіх станцый маніторынгу: выпадковасць ці спроба схаваць інфармацыю?

Па даных CTBTO, неўзабаве пасля інцыдэнту перасталі выходзіць на сувязь станцыі ў Дубне і Кіраве. А 13 жніўня спынілася перадача даных са станцый у Білібіне (Чукотка) і Залесаве (Алтайскі край). Расіяне тлумачаць спыненне перадачы даных тым, што на станцыях паўсталі "праблемы з сеткай і сувяззю".

Начальнік службы радыяцыйнага маніторынгу Белгідрамета лічыць, што па наяўных даных складана нешта сказаць пра страту сувязі:

"Гаварыць за іншую нацыянальную сістэму радыяцыйнага маніторынгу — складана. Таму што цяпер нават з апісання ў СМІ незразумела, што гэта былі за пункты. У Расіі ёсць дастаткова магутная сетка Расгідрамета. Аднак незразумела, ці адносяцца гэтыя пункты да Расгідрамета і хто іх абслугоўвае.

У нас таксама бываюць сітуацыі, калі губляецца сувязь з пунктам. Напрыклад, у час навальніцы. А перадача інфармацыі ідзе праз радыёканалы. Здараецца, што маланка трапляе ў мачту і абрываецца перадача даных. Бывала такое. Бывала, калі з-за высокай тэмпературы выходзілі са строю адзінкавыя пункты вымярэння. Але ў нас пункты досыць частай сеткай размешчаны, і калі адзін перастае працаваць, то яго цяжар вымярэння нясуць астатнія, якія знаходзяцца побач. Часцей за ўсё гэта кароткачасовыя збоі", — тлумачыць Міхаіл Каваленка.

Маніторынгавыя станцыі — гэта частка міжнароднай сеткі, створанай для праверкі выканання Дагавора аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў. Станцыі адсочваюць усё — ад сейсмічных зрухаў да ядзернай актыўнасці.

8 жніўня каля расійскага гарадка Северадзвінск выбухнула эксперыментальная ракета з радыеізатопнай крыніцай сілкавання. Выбух адбыўся на марской платформе ў акваторыі Белага мора. У выніку загінулі сем чалавек, яшчэ некалькі пацярпелі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.