Беларусы вывучаюць рэгіён Антарктыды, што прылягае да гары Вячэрняя

Беларуская група палярнікаў вывучае рэгіён Антарктыды, што прылягае да гары Вячэрняя. Як паведаміў БелаПАН прадстаўнік палярнікаў Алег Смарчкоў, беларусы праводзяць геафізічныя вымярэнні ў радыусе 20 км ад гары Вячэрняй, пракладваюць шлях на бераг бухты Лазурнай для адбору проб зоапланктону, узораў марскіх арганізмаў і расліннасці. Група рэгулярна выязджае ў раён сопкі Рубін да месцаў гнездавання палярнага паморніка і пінгвінаў Адэлі. Як сцвярджае А.Смарчкоў, некаторыя з прылеглых да гары Вячэрняй месцаў, напрыклад раён мора Касманаўтаў, заставаліся дагэтуль малавывучанымі. Апрача таго, палярнікі зманціравалі прыбор для вымярэння канцэнтрацыі прыземнага азону, распрацаваны вучонымі БДУ. Яны таксама працягваюць метэаралагічныя назіранні, займаюцца наладкай раней устаноўленай сістэмы забеспячэння гары Вячэрняй, праводзяць экалагічныя мерапрыемствы па ачыстцы прылеглай да іх базы тэрыторыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі