“Беларусы просяць аднавіць пуцёўкі ў Турцыю, ад якіх адмовіліся пасля путчу”

“Беларусы просяць аднавіць пуцёўкі ў Турцыю, ад якіх адмовіліся пасля путчу”

У Турцыі на тры месяцы ўведзенае надзвычайнае становішча. Такое рашэнне прыняў прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган. І гэта пасярэдзіне турыстычнага сезону, калі тысячы беларусаў запланавалі адпачынак на мясцовых пляжах. Што гэтае рашэнне Эрдагана для іх змяняе?

Па словах кіраўніка прэс-службы МЗС Беларусі Дзмітрыя Мірончыка, рэкамендацыя нашага знешнепалітычнага ведамства застаецца нязменнай ад 16 ліпеня, дня спробы ваеннага перавароту: устрымацца ад паездак у Турцыю да стабілізацыі там сітуацыі.

Дзмітрый Мірончык: “Але мы не маем права, згодна з заканадаўствам, забараніць нашым грамадзянам наведваць тыя ці іншыя краіны. Беларусы маюць права вольна выязджаць за мяжу і бесперашкодна вяртацца на радзіму і гэтым правам актыўна карыстаюцца”.

Тое, што правам гэтым беларусы спараўды карыстаюцца актыўна, сведчаць штодзённыя чартары з Мінска ў Турцыю. Да прыкладу, на 22 ліпеня запланаваныя два вылеты ў Анталію і адзін у Стамбул.

“Ніякіх зменаў няма, як лёталі, так і лётаюць. Як чартарныя, так і рэгулярныя рэйсы ў Стамбул — нічога не змяняецца”, — кажа Еўрарадыё намеснік генеральнага дырэктара “Белавіі” Ігар Чаргінец.

Ды і тураператары пацвярджаюць: адмовы ад набытых у Турцыю пуцёвак хоць і бываюць, але вельмі рэдка.

“Бывае, што здымаюцца заяўкі, але гэта тычыцца толькі больш позніх дат — ад найбліжэйшых дат ніхто не адмаўляўся. І ў той жа час і сёння былі браніраванні новыя”, — расказвае супрацоўніца тураператара “АэраБелСервіс”.

Але ці сапраўды надзвычайнае становішча не нясе турыстам ніякіх нязручнасцяў? Да прыкладу, тым, хто прыляцеў у Турцыю ці адлятае з яе позна вечарам — праблем з даездам да аэрапорта няма?

“Ніякіх праблем з дастаўкай, калі вечарам прылятае ці адлятае самалёт, няма”, — запэўнівае Ігар Чаргінец.

Тое ж сцвярджае і супрацоўніца “АэраБелСервіс”. Па яе словах, турысты могуць вечарам спакойна выходзіць з тэрыторыі гатэля.

“Ніякіх абмежаванняў на перасоўванне няма. Курорт жыве сваім спакойным жыццём: як жыў, так і жыве — нічога не змянілася! Вось турысты прылятаюць, іх сустракаюць і адпраўляюць у гатэль. І там вы спакойна можаце і пасля 22, і пасля 23 гадзінаў выходзіць з тэрыторыі гатэля: і схадзіць на дыскатэку, і вінца папіць...”

У іншых турагенцтвах Еўрарадыё расказваюць, што апошнімі днямі пачалі прыходзіць людзі, якія пасля пачатку ваеннага перавароту адмовіліся ад пуцёўкі, але цяпер просяць яе аднавіць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі