Беларусы масава скупляюць новыя машыны ў расійскіх аўтасалонах

"Апошнім часам вельмі вялікі прыток. Нават не магу сказаць папулярныя мадэлі. Бяруць усё, што ёсць у наяўнасці", — кажуць у смаленскім аўтасалоне Peugeot. Колькасць пакупнікоў з Беларусі ў расійскіх аўтацэнтрах вырасла ў разы.

Нядзіўна, што беларусы масава паехалі набываць аўтамабілі ў суседнюю краіну. Дзякуючы адсутнасці ўтылізацыйнага збору на аўто, што збіраюцца ў суседняй краіне, і ніжэйшым падаткам машыны ў Расіі заўсёды былі трошкі таннейшыя. А пасля дэвальвацыі расійскага рубля цэны на некаторыя мадэлі сталі ніжэйшыя на 3-5 тысяч долараў, чым аналагічныя ў Беларусі.

Праўда, працягнецца гэта нядоўга. Аўкцыёну неверагоднай шчодрасці засталіся лічаныя тыдні, мяркуе эксперт міжнароднага аўтамабільнага холдынгу "Атлант-М" Дзмітрый Перлін.

"Нават у самай "расійскай" з усіх іншамарак — “Рэно Логан” — імпартных камплектавальнікаў больш за 57 працэнтаў. Таму так доўга працягвацца не можа. У сувязі з тым, што ніхто не будзе працаваць на страту. І 40-працэнтная дэвальвацыя на працягу гэтага года ў Расіі вымусіць вытворцаў падымаць цэны. Так што гэтаму засталося калі не некалькі дзён, то некалькі тыдняў, бо цэны будуць дакладна падымацца".

Праўда, беларускія дылеры не сталі чакаць, пакуль усе кліенты збягуць, і абвясцілі зніжкі.

"На аўтамабіль за 20 тысяч у дылера прыбытку ў 5 тысяч няма і блізка. Таму зніжкі ў 2-3 тысячы на розныя мадэлі — гэта натуральнае жаданне беларускага дылерскага корпуса паспрабаваць угнацца за гэтым працэсам, — працягвае Дзмітрый Перлін. — Таму што ёсць працэнты на ўкладзены капітал і магчымасць непрагназаванага збыту ў наступным годзе аўтамабіляў мінулага года. Страты ў найбліжэйшай будучыні будуць вышэйшыя. Выгадней цяпер прадаць аж да стратаў, чым сядзець са складам да наступнага года, таму што страты будуць большыя".

Цяпер многія маркі ў Расіі таннейшыя, але нязначна, да тысячы долараў. Так, “Рэно Дастэр” у Мінску каштуе 16 тысяч долараў, у Расіі — 15 тысяч. Новы “Логан” у сярэдняй камплектацыі 12 500 у Мінску, у Расіі таннейшы на паўтары тысячы.

DUSTER 1.6 4WD Privilege 6МКП (102 к.с.)
Беларусь: 18 900$. Цана па акцыі: 16 000$ 
Расія: 15 000$
Расія ў мінімальнай камплектацыі: 11 000$

LOGAN NEW Privilege 1.6 16v 5МКП (102 к.с.)
Беларусь: 15 000$. Цана па акцыі: 12 500$ 
Расія: 10 900$
Расія ў мінімальнай камплектацыі: 8100$

LOGAN 1.6 16v Expression Plus 4АКП (103 к.с.)
Беларусь: 12 200$. Цана па акцыі: 10 500$ 
Расія: 9000$

Peugeot 408
Беларусь: 11 475€
Расія: 10 417€

Peugeot 208
Беларусь: 13 880€ 
Расія: 9 200€

KIA Rio
Беларусь: 13 500$
Расія: 10 000$

Polo седан Trendline
Беларусь: 15 747$
Расія: 11 500$

Але пры гэтым даволі шмат выпадкаў, калі беларускія пакупнікі ў сваім жаданні сэканоміць трапляюць у пасткі расійскіх прадаўцоў.

"Хацелася б нашым аўтааматарам пажадаць уважлівасці падчас выбару аўтацэнтра і маркі аўто. Неаднаразова прыходзіць інфармацыя аб выпадках падману. Чалавек набываў новы аўтамабіль, чытаў дамову, а ў момант падпісання яго ўвагу адцягнулі і далі падпісаць іншую дамову", — прыводзіць прыклады махінацый Дзмітрый Перлін.

Так, за пустую барабанную камплектацыю пакупнікі плацілі як за поўны “фарш” (поўную камплектацыю). Прынцып працы расійскіх дылераў такі, што яны больш зарабляюць не на самім аўто, а на дадатковым абсталяванні, якое не ўваходзіць у цану.

Таксама далёка не ўсе вытворцы даюць сусветную гарантыю на аўто, бо мадэльны шэраг можа адрознівацца ў розных рэгіёнах. Таму нейкі аўтамабіль з Расіі не будзе абслугоўвацца ў Беларусі па гарантыі. 

"Могуць адрознівацца і тэрміны гарантыйнага абслугоўвання. Напрыклад, “Фольксваген” у Расіі дае 2 гады без абмежавання прабегу, а ў Беларусі — 3 гады", — дадае Перлін.

Зразумела, цяпер шмат пазітыўных прыкладаў эканоміі, але ўжо праз год з гарантыйным абслугоўваннем гэтых аўто могуць пачацца праблемы, бо беларускія сервісы будуць адмаўляць у бясплатных паслугах і адпраўляць у Расію. Ахвочым сэканоміць варта спяшацца і быць уважлівымі.

Фота: drivenn.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі