Беларусы лічаць, што на чэмпіянаце свету па футболе пераможа Іспанія

Затое калі паставіць тысячу рублёў на перамогу Новай Зеландыі, можна "раскашэліць" беларускіх букмекераў на мільён! Але людзі пакуль што асцярожнічаюць. І больш ставяць на дробязі: кутнікі, карткі, выхад/нявыхад з групы. Дырэктарка букмекерскай канторы "Бэтсіці" Ларыса Шаркота кажа, што фаварытам беларускія заўзятары лічаць каманду Іспаніі. Адпаведна, на яе перамогу букмекеры трымаюць самы дробны каэфіцыент. А ліст аўтсайдэраў пачынаецца са зборнай Новай Зеландыі, на якую прымаюцца стаўкі 999/1:

Ларыса Шаркота: "Самы вялікі каэфіцыент у нас на Новую Зеландыю. Пасля ідуць Паўночная Карэя, Гандурас, Алжыр, Японія, Славенія, Славакія. З адной тысячы беларускіх рублёў па гэтых зборных у сярэднім на выплату будзе 900 тысяч".

Гэта, вядома ж, калі стаўка выйграе, і адна з гэтых зборных пераможа ў чэмпіянаце. Праўда, паводле словаў спадарыні Шаркоты, людзей, якія б спадзяваліся на гэта, амаль няма. І гэта цалкам зразумела. Увогуле аматары футбольнага таталізатара рабіць стаўкі пакуль не спяшаюцца. Хаця і пачалі актыўна папаўняць свае інтэрнэт-рахункі:

Ларыса Шаркота: "Для нашай букмекерскай канторы чэмпіянат свету — гэта самая галоўная падзея. Такой актыўнасці не выклікаюць ніякія іншыя спаборніцтвы. Рух ужо заўважны не толькі ў аддзяленнях канторы, але і ў інтэрнэце: гульцы папаўняюць свае віртуальныя кашалькі на значныя сумы і пачынаюць рабіць доўгатэрміновыя стаўкі".

Гэта робіцца на перспектыву. Пакуль жа, адзначае Ларыса Мікалаеўна, беларусы, з большага, ставяць на дробязі:

Ларыса Шаркота: "Зараз у асноўным ставяць на выхад/нявыхад з групы нейкіх каманд. Гэта пакуль што самыя папулярныя стаўкі. Пасля ідуць кутнікі, карткі. Пасля — лепшы бамбардзір, лепшы малады гулец".

Больш "канкрэтныя" стаўкі пачнуцца пасля групавога этапа.

У букмекерскай канторы "Пары-Матч" звышактыўнасці футбольных заўзятараў пакуль увогуле не заўважылі. Хаця кажуць, што падчас мінулага першынства на "кропках" букмекераў тварылася нешта надзвычайнае:

Супрацоўніца "Пары-Матч": "Я як бухгалтарка магу сказаць: пакуль вялікай актыўнасці няма. Заўзятары пакуль чакаюць".

Іншая супрацоўніца "Пары-Матч": "Магу сказаць дзве рэчы: па-першае, на час чэмпіянату мы падоўжылі час працы нашых аддзяленняў. Адкрываемся раней. А па-другое, актыўны рух пачаўся толькі 10 чэрвеня. Хаця, па чутках, падчас мінулага чэмпіянату свету была вар'ятня".

У іншай букмекерскай канторы патлумачылі: ад самага пачатку чэмпіянату стаўкі робяць хіба што вялікія футбольныя заўзятары. Звычайныя гульцы, якіх нашмат болей, падцягнуцца да букмекераў бліжэй да фіналу:

Супрацоўніца букмекерскай канторы: "На пачатковыя гульні ставяць людзі, якія проста любяць футбол. А ў звычайных абывацеляў, да якіх і я належу, цікавасць да ставак з'явіцца бліжэй да фіналу".

Фота: РИА "Новости".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі