Беларусы, асуджаныя у Маскве за таблеткі ад кашлю, могуць выйсці на волю

25 кастрычніка Маскоўскі гарадскі суд вызваліў беларуса Пятра Ждановіча, які больш чым год таму быў арыштаваны ў выніку правакацыі расійскай спецслужбы. А ўжо ў бліжэйшы панядзелак будзе разгледжана касацыйная скарга па аналагічнай справе. Аляксандр Чачураў і Сяргей Лагун, якіх прыгаварылі да 14 гадоў пазбаўлення волі за таблеткі ад кашлю, могуць таксама выйсці на волю. Пётр Ждановіч больш за год правёў за кратамі. Супрацоўнік расійскай спецслужбы пад выглядам хворага на бранхіт папрасіў беларуса прывезці таблеткі ад кашлю “Тусал”, якія свабодна прадаваліся ў Беларусі.

Маладзёна арыштавалі і маглі асудзіць на тэрмін ад 8 да 20 гадоў. Па хадайніцтве адваката, суд вярнуў справу пракурору для выпраўлення недакладнасцяў. У выніку, учора Ждановічу вынеслі мінімальную меру пакарання — 3 гады ўмоўна.

Тым часам, за кратамі застаюцца двое жыхароў Баранавічаў, асуджаныя сёлета на 14 гадоў пазбаўлення волі. Аляксандра Чачурава і Сяргея Лагуна таксама папрасілі прывезці таблеткі ад кашлю. 29 кастрычніка ў Маскоўскім судзе адбудзецца разгляд скаргі, якую падаў адвакат Станіслаў Маркелаў.

Пра гэта ён сам паведаміў Еўрарадыё. Адвакат спадзяецца на тое, што беларусаў вызваляць, хоць і не хоча загадваць наперад.

Станіслаў Маркелаў: “Які там будзе вынік, я не буду прадказваць, так бы мовіць, з-за адвакацкіх забабонаў. Я раблю ўсё магчымае, каб іх вызваліць. Але такая верагоднасць, што яны будуць на волі, сапраўды ёсць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі