Беларускую мяжу спрабаваў пераехаць грамадзянін свету

Памежнікі Полацкага атрада 22 снежня ў пункце пропуску "Ўрбаны" на беларуска-латвійскай мяжы затрымалі мужчыну, які прад'явіў пашпарт грамадзяніна свету.  Затрыманы паведаміў, што ён з'яўляецца грамадзянінам Расіі і вяртаецца на радзіму з Швецыі. Там ён страціў свой нацыянальны пашпарт, таму вырашыў скарыстацца пашпартам грамадзяніна свету.

Як адзначаюць памежнікі, для Беларусі гэта ўнікальны выпадак. Такія пашпарты сапраўды існуюць, але не з'яўляюцца дакументам, з якім можна перасякаць мяжу. Пашпарт грамадзяніна свету выдае ўсім жадаючым (на тры, пяць або восем гадоў) міжнародная грамадская арганізацыя World Service Authority (WSA).

Яна была заснаваная ў 1948 годзе ў Парыжы былым ваенным лётчыкам ЗША Гары Дэвісам, які абвясціў сябе грамадзянінам свету, заснаваў у Парыжы Міжнародны рэгістр грамадзян міру. У 1948—1952 гадах гэтая арганізацыя зарэгістравала ў якасці грамадзянаў свету амаль мільён чалавек. У 1953 годзе Дэвіс і яго паплечнікі стварылі Сусветны ўрад грамадзянаў свету, а праз год заснавалі WSA — своеасаблівы выканаўчы орган Сусветнага ўрада. Галоўная задача WSA — забяспечыць людзям права на вольны рух па свеце.

На цяперашні час дакументы WSA афіцыйна прызнаюць толькі шэсць краінаў — Буркіна Фаса, Эквадор, Танзанія, Маўрытанія, Тога і Замбія.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі