Вы тут

Беларускую дэлегацыю на перапахаванні Каліноўскага ўзначаліць віцэ-прэм'ер

Меркаваная магіла Віктара Каліноўскага / МЗС Беларусі

Беларусь перадала Літве вынікі ДНК-экспертызы з меркаванай магілы Віктара Каліноўскага — брата Кастуся Каліноўскага. Пра гэта паведаміла прэс-служба Міністэрства замежных спраў нашай дзяржавы. 

Яшчэ ў 2017 годзе прадстаўнікі беларускай амбасады ў Літве наведалі месца археалагічных раскопак на гары Гедыміна ў Вільні. Там яны азнаёміліся з методыкай раскопак і доказнай базай інтэрпрэтацыі і ідэнтыфікацыі парэштак удзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў. 

У 2018 годзе Літву наведала афіцыйная група беларускіх экспертаў Акадэміі навук і Дзяржкамітэта судовых экспертыз.

"Сённяшняя перадача дазволіць параўнаць вынікі ДНК-экспертыз з Беларусі і Літвы, што неабходна для поўнай ідэнтыфікацыі магчымых астанкаў Кастуся Каліноўскага ў Вільні. Гарантыі, што перададзеныя астанкі належаць менавіта Віктару Каліноўскаму, мы даць не можам, але гэты шлях з навуковага пункту гледжання трэба прайсці да канца, гэта наш унёсак, таму лічым сваім абавязкам сумесна з літоўскімі калегамі працаваць над усталяваннем праўды. Любая, нават самая маленькая зачэпка можа апынуцца ключавой", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Таксама МЗС паведаміў, што на перапахаванні парэштак Кастуся Каліноўскага ды іншых паўстанцаў 1863-1864 гадоў беларускую дэлегацыю ўзначаліць віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка. Цырымонія пройдзе 22 лістапада ў Вільні. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.