Беларускія ўніверсітэты падымаюць плату за навучанне

Беларускія ўніверсітэты падымаюць плату за навучанне

БДУІР паведаміў пра павышэнне коштаў на навучанне. Яны пачнуць дзейнічаць з 1 верасня. 

Кошты ў БДУІР выраслі і на дзённым, і на завочным навучанні. Напрыклад, на факультэце камп'ютарных сістэм і сетак па ўсіх спецыяльнасцях навучанне на першым і другім курсе каштавала 3550 рублёў — цяпер будзе 3900 рублёў (на 350 рублёў больш). Платнікам, якія вучыліся вочна на факультэце інфармацыйных тэхналогій і кіравання, летась за першы курс трэба было заплаціць 3550 рублёў, за другі — 3390. Цяпер давядзецца плаціць 3900 і 3720 рублёў адпаведна.

На завочным навучанні кошты для першага і другога курсаў усіх факультэтаў і спецыяльнасцяў выраслі на 70 рублёў — з 1280 да 1350. 

Як распавядала Еўрарадыё, першым пра павышэнне расцэнак паведаміў БНТУ. Аднак і іншыя ВНУ плануюць неўзабаве абвясціць новыя кошты.

У Беларускім дзяржаўным медуніверсітэце, як піша zerkalo.io, абяцаюць, што новыя расцэнкі з'явяцца на сайце бліжэйшым часам.

У прыёмнай камісіі БДУ назвалі кошт навучання за першы курс на некалькіх факультэтах: "Журналістыка аўдыявізуальная і міжнародная — 4257 рублёў, вэб-журналістыка і інфармацыя і камунікацыя— 4006 рублёў. На філасофскім факультэце спецыяльнасць філасофія — 3293 рублі, сацыялогія, сацыяльныя камунікацыі, псіхалогія — 4006 рублёў".

Навучанне на філалагічным факультэце па ўсіх спецыяльнасцях будзе каштаваць 3865 рублёў. Выключэнне складзе толькі ўсходняя філалогія — 4500 рублёў. У мінулым навучальным годзе беларуская і руская філалогія каштавала 2900 рублёў, Славянская філалогія — 3123 рублі.

У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце кажуць, што загад пра новыя расцэнкі ўжо ёсць, неўзабаве яны будуць агучаныя. Плаціць давядзецца прыкладна на 10% больш, чым летась. У мінулым навучальным годзе першакурснікам вочнага навучання трэба было заплаціць 2700 рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі