Вы тут

Беларускія турфірмы не адмаўляюцца ад паездак ва Украіну

Фота: БЕЛТА

Беларускія турфірмы не адмаўляюцца ад арганізацыі паездак ва Украіну з-за ўвядзення ваеннага становішча ў некаторых абласцях. Пра гэта агенцтву БЕЛТА заявіў дырэктар Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмейстэр.

"Адмоў ад паездак не было, усё браніруецца і ідзе ў рамках запланаванага. Адзінае, што можа быць — пакуль асцярожнае стаўленне да Адэскай вобласці. Тым не менш, авіярэйсы выконваюцца паводле раскладу, аэрапорт Адэсы іх прымае. Проста некаторыя турфірмы пачынаюць весці асцярожную палітыку, бо ёсць фактар ​​непрадказальнасці", — паведаміў спецыяліст.

Ці паўплывае інцыдэнт каля Керчанскага праліву на беларускіх турыстаў, якія едуць ва Украіну, казаць пакуль рана, мяркуе Цэхмейстэр.

Цяпер для беларускіх турыстаў, якія ездзяць ва Украіну, не сезон, кажа намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме — начальнік аддзела планавання і арганізацыі турыстычнай дзейнасці Мінспорту і турызму Беларусі Віталь Грыцэвіч. Па яго словах, масавыя паездкі адбываюцца ўлетку на мора, а бліжэй да Новага года — у Львоў. Паводле яго інфармацыі, беларускія турфірмы не адмяняюць паездкі ва Украіну. Прынамсі, турысты з гэтай нагоды ў Мінспорту не звярталіся.

Дарэчы, летась Украіну наведалі больш за 91 тысячу арганізаваных турыстаў і экскурсантаў з Беларусі. Гэта амаль удвая больш, чым у 2016 годзе.