Беларускія трактары могуць пачаць вырабляць у Арменіі

Сёння, 29 чэрвеня, на дзевятым пасяджэнні міжпарламенцкай камісіі па супрацоўніцтве Нацыянальнага сходу Беларусі і Нацыянальнага сходу Арменіі парламентары дамовіліся актывізаваць працу па стварэнні агульнага прадпрыемства сельскагаспадарчай тэхнікі ў Арменіі. Яго плануецца стварыць у горадзе Гюмры.

Старшыня беларускай часткі камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, міністр лясной гаспадаркі Міхаіл Амельяновіч заявіў, што на пасяджэнні беларускі бок прапанаваў не зводзіць спектр работы будучага прадпрыемства толькі да зборкі, але пашырыць да сэрвісу і абслугоўвання наяўных у Арменіі машын, што дазволіла б зрабіць прадпрыемства больш рэнтабельным.

Намеснік старшыні Нацыянальнага сходу Арменіі Эдуард Шармазанаў запэўніў, што ў Арменіі могуць быць створаны ўсе ўмовы для паспяховай працы такога сумеснага праекта.

Бакі дамовіліся больш дэталёва разгледзець гэтае пытанне і вярнуцца да яго на маючым адбыцца пасяджэнні міжурадкамісіі. Дзе, у тым ліку, будуць прапрацаваны патэнцыйныя рынкі збыту тэхнікі (пераважна - Бліжні Усход) з улікам функцыянавання Еўразійскага эканамічнага саюза.

У цэлым Міхаіл Амельяновіч адзначыў, што неабходна нарошчваць узаемны гандаль, бо тавараабарот Беларусі і Арменіі (каля 38,6 млн долараў па выніках 2014 года) не адпавядае існуючаму патэнцыялу, перадае БЕЛТА.

Фота: beltrakt.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі