Беларускія півавары давяраюць дэгустацыю піва толькі жанчынам

Ацэньваць смак піва беларускіх дэгустатараў вучылі чэх і англічанін Нават калі звычайныя аматары хмельнага напою і не заўважаць зменаў у смаку нашага піва з-за пераходу на беларускі солад, то гэтыя людзі такую змену заўважаць, распрабуюць, унюхаюць і ўбачаць. Еўрарадыё вырашыла дазнацца, хто дэгустуе беларускае піва на піваварных заводах, і ўсе дэгустатары, на якіх у нас атрымалася выйсці, аказаліся жанчынамі!

На “Крыніцы” піва дэгустуюць раз на месяц. Бліжэйшым часам дэгустатарам прыйдзецца працаваць штотыднёва. Як распавяла вядучы інжынер-тэхнолаг аддзелу галоўнага півавара завода “Крыніца” Таццяна Хамяцэвіч, каб навучыцца правільна дэгуставаць піва, “Крыніца” звярталася да знакамітых півавараў. З Чэхіі быў выкліканы дэгустатар, які “псаваў” піва ўсялякімі брыдкімі дабаўкамі, якія і неабходна было выявіць нашым навучэнцам-дэгустатарам:

“Прыязджаў спецыяліст з Чэхіі. Ён прафесійны півавар і, акрамя гэтага, вельмі добры дэгустатар. Ён таксама недзе сам вучыўся, а зараз ездзіць паўсюль і навучае дэгустацыі. Ён прывозіў розныя пробы і дабаўкі, якія вызываюць негатыўныя адчуванні ў смаку піва. Іх дабаўлялі ў піва, і мы вучыліся гэтыя смакі выяўляць”.

Спрабаваць піва “аліварыйцаў” вучыў англічанін. Як распавяла Еўрарадыё начальнік цэнтральнай заводскай лабараторыі завода “Аліварыя” Вольга Давыдава, ён, дарэчы, і адбіраў дэгустацыйную каманду завода.

Вольга Давыдава: “Гэты англічанін зазначыў, што жанчыны лепш дэгустуюць піва, чым мужчыны. Яны яго не любяць, але ацаніць яго якасць могуць лепш”.

Хоць майстэрству правяраць піва беларускія дэгустатары вучыліся ў мужчынаў, на беларускіх піваварных заводах жанчын-дэгустатараў значна больш:

Таццяна Хамяцэвіч
: “Мужчынаў меней. Хутчэй за ўсё, адсоткаў 40. Не, нават дзесьці 30 адсоткаў мужчынаў і 70 жанчынаў”.

Па словах Таццяны Хамяцэвіч, ёй часцей за ўсё даводзіцца піць піва кожны працоўны дзень:

“Я, па-першае, тэхнолаг, і таму п’ю піва кожны дзень, таму што мне трэба яго спрабаваць і ацэньваць. Можа, шклянку ў дзень і выпіваю. Я люблю піва. Калі я навучалася, я піва нават і не ўспрымала, а зараз, папрацаваўшы на заводзе, я знайшла гэты смак у піве, і яно мне падабаецца”.

Не адмаўляюцца дэгустатары ад піва і пасля працы.

Таццяна Хамяцэвіч: “У нас на прадпрыемстве на прахадной ёсць крама. Тут нават невялікія зніжкі. То бок, тут выгадна набываць піва дахаты. Я звычайна п’ю піва дома не кожны дзень, таму што я кожны дзень п’ю яго на працы, а на выходныя, напрыклад на лецішча, я набываю звычайна “Крыніцу 1”, “Класічнае” ці “Прэміум”. Калі не з нашага, таксама мне імпануе “Хайнекен”, “Неўскае” і вельмі падабаецца ўкраінскае піва”.

На Лідскім піваварным заводзе якасць піва ацэньваюць усяго трыма глыточкамі, запэўніла Еўрарадыё супрацоўніца лабараторыі Лідскага піваварнага завода Данута Скрыпко. Але ж калі ўлічыць, што гатункаў можа быць да 20, колькасць піва, якое выпіваецца падчас дэгустацыі, ужо не падаецца такой маленькай…

Данута Скрыпко: “Гэта залежыць ад колькасці гатункаў на дэгустацыі. Можа быць да 20 гатункаў, можа быць 10 гатункаў. Увогуле, для дэгустацыі шмат піва не патрэбна. Літаральна 3 глыточкі. У жыцці, канешне, я таксама п’ю піва. Напрыклад, калі спякотна. Мне падабаецца светлае 12% піва. Напрыклад, з таго, што мы вырабляем, – гэта Лідскае “Класічнае”.

Па словах Таццяны Хамяцэвіч, дэгустатары ацэньваюць трываласць пены, празрыстасць піва, водар, смак, паўнавартаснасць смаку, захмяленне:

“Мы ацэньваем, ставім балы, і кожны выказвае, што негатыўнае ці станоўчае ён бачыў у тым ці іншым гатунку, якія водары, з чым яны звязаныя. Трэба панюхаць яго, паспрабаваць, паглядзець. Пры дэгустацыі піва звычайна шмат не п’юць. Наліваюць зусім крышку. Там ацэньваюць яго якасць. То бок пену, трываласць пены, празрыстасць піва, водар, смак, паўнавартаснасць смаку, захмяленне”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі