Вы тут

Беларускія навукоўцы атрымалі "права на памылку"

pexels.com

Беларускім навукоўцам дазволілі не вяртаць бюджэтныя сродкі, выдаткаваныя на няўдалыя даследаванні. Праўда, гэта звязана з бюракратычнымі працэдурамі. Тое, што прычыны няўдачы — аб'ектыўныя, трэба будзе даказваць нядаўна створанай камісіі па навукова-тэхнічнай палітыцы пры Савеце міністраў.

У навуцы рэдка можна мець гарантыю добрых вынікаў яшчэ да пачатку даследавання. Каб атрымаць на сваю працу бюджэтныя сродкі, беларускім навукоўцам прыходзіцца браць на сябе абавязацельствы вярнуць грошы, калі нешта выканаць не атрымалася. Рызыкаваць хочуць не ўсе, так адсутнасць "права на памылку" тармозіць развіццё навуковай думкі.

Камісія пакуль не разгледзела ніводнай заявы, але механізм рэалізацыі "права на памылку" ўжо распрацаваны, і навукоўцы могуць ім скарыстацца. Пра гэта ў праграме Юліі Вогневай "Тыдзень" на тэлеканале СТБ расказаў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін:

— Мы сёлета ўжо крыху адкарэктавалі заканадаўства, прапісалі аб'ектыўныя прычыны. Аб'ектыўная прычына какая? Умоўна, распрацоўваліся лекі, у іх былі нейкія элементы, выходзіць заканадаўства, што гэтыя элементы забаронены. Якая віна тут навукоўцаў?

— Але ж усе аб'ектыўныя прычыны не прапішаш у заканадаўчым акце.

— Абсалютна правільна. Але мы, як кажуць, ідзём у гэтым кірунку досыць павольна. Галоўнае — стварыць механізм. Мы далі права камісіі па навукова-тэхнічнай палітыцы пры Савеце Міністраў пад кіраўніцтвам прэм'ера, навукоўцам, калі былі аб'ектыўныя прычыны, вынесці разгляд на дадзеную камісію. І камісія можа прыняць рашэнне, што так, прычыны аб'ектыўныя — тады грошы вяртаць не абавязкова.

У Беларусі быў прэцэдэнт, калі навуковы калектыў вяртаў выдаткаваныя на даследаванні сродкі ў бюджэт. Ён звязаны якраз з фармацэўтыкай: распрацаваны лекавы сродак не прайшоў клінічных выпрабаванняў, у прэпарату быў выяўлены шэраг пабочных эфектаў. У выніку лекі не пайшлі ў вытворчасць, а навукоўцы былі вымушаныя вярнуць дзяржаве грошы, выдаткаваныя на іх распрацоўку.