Беларускія музыкі на сваіх першых занятках у школе: архіўныя фота

Беларускія музыкі на сваіх першых занятках у школе: архіўныя фота

5 гадоў таму Еўрарадыё пагутарыла з беларускімі музыкамі пра іх першы дзень у школе і школьныя гады ўвогуле. За гэты час, на вялікі жаль, не стала Аляксандра Кулінковіча, але, напэўна, усім будзе цікава даведацца, якім ён быў вучням.

Алег Хаменка прыйшоў у школу вельмі падрыхтаваным — ужо ўмеў чытаць і пісаць.

"Як і ўсе, напэўна, я любіў маляваць, — прыгадвае музыка свае школьныя гады. — І адразу, у пачатковых класах у мяне выходзілі вельмі добрыя адзнакі. Я нават вісеў на дошцы гонару, але выдатнікам не быў — у мяне па спевах была 4-ка, а па ўсім астатнім — 5! Праблемаў з вучобай у мяне не было. Але, магчыма, таму што мне ўсё лёгка давалася, я праз пэўны час разляніўся і нічога не рабіў. Карацей, вучоба давалася вельмі лёгка".

Беларускія музыкі на сваіх першых занятках у школе: архіўныя фота
Першакласнік Алег Хаменка

Першая настаўніца, відаць, недалюблівала Алега. Ён заўсёды меў "незд." па паводзінах, і толькі напрыканцы чвэрці нейкім чынам наскрабалася "зд.". Лідар “Палаца” не разумее, чаму так адбывалася, маўляў, хуліганам не быў, імкнуўся быць прыстойным, паводзіў сябе, як звычайнае дзіця.

Раман Жыгараў з гурта Akute не баяўся ісці ў першы клас, бо прайшоў добрую падрыхтоўку да школы ў дзіцячым садку.

"Я быў гуманітарый, вучыўся, падаецца, што добра, — распавядае Раман. — Я, напрыклад, нават дагэтуль не ўмею нешта падлічыць без калькулятара. Проста не атрымоўвалася з гэтай матэматыкай нічога! Але я добра валодаю рознымі мовамі. Любімым прадметам была беларуская літаратура і СМК. Я не любіў усё, дзе ёсць нейкія правілы — як моўныя, так і матэматычныя, і фізічныя. Мяне больш цікавіла гісторыя, літаратура, музыка".

Беларускія музыкі на сваіх першых занятках у школе: архіўныя фота
Басіст Akute у першым класе (другі справа ў другім шэрагу)

Бацькоў Ромы ў школу з-за паводзінаў ніколі не выклікалі. Хоць сама школа, як і раён, у якой яна знаходзілася, лічыліся небяспечнымі. 9-ы клас Жыгараў скончыў без троек і лёгка паступіў у тэхнікум.

Гуманітарый Лявон Вольскі вучыўся добра да 8 класа. А потым зразумеў, што асабліва гэта не патрэбна:

"Цікавіла гісторыя, літаратура, геаграфія, мовы, выяўленчае мастацтва, — пералічвае музыка і працягвае. — А наконт паводзінаў па-рознаму было. Але не біўся дакладна. Хіба што, у вельмі малым узросце".

Беларускія музыкі на сваіх першых занятках у школе: архіўныя фота
Першакласнік Лявон Вольскі
Беларускія музыкі на сваіх першых занятках у школе: архіўныя фота
Другакласнік Лявон (апошні рад другі справа)

Лідар Neuro Dubel Аляксандр Кулінковіч у школе марыў пра кар'еру... фізіка.

"Вельмі падабалася фізіка, — узгадваў Саша. — Хадзіў на ўрокі фізікі з такім захапленнем! Займаўся ёй пасля урокаў, заставаўся на пазакласныя заняткі. Фізіку я любіў заўсёды. Праўда, у новай школе, у якую я перайшоў, фізік ведаў прадмет горш за мяне, і гэта яго вельмі раздражняла. І ён нейкім чынам адрубіў мяне ад маёй жарсці".

Беларускія музыкі на сваіх першых занятках у школе: архіўныя фота
Аляксандр Кулінковіч у 6 гадоў
Беларускія музыкі на сваіх першых занятках у школе: архіўныя фота
Сашу 12 гадоў
Беларускія музыкі на сваіх першых занятках у школе: архіўныя фота
Кулінковіч і Чабурашка (14 гадоў)

Новую школу Кулінковіч так і не скончыў, таму што "стаў хуліганам":

"Партвейн, дзяўчаты — усе справы", — смяяўся Аляксандр.

Сапраўдным хуліганам і двоечнікам у школе быў лідар "Дай Дарогу!" Юрый Стыльскі. За кепскія паводзіны яго нават хацелі выключыць з піянераў: выклікалі да дырэктара і здымалі гальштук. Дагэтуль музыку сорамна і перад мамай, якой даводзілася часта бываць у дырэктара:

"Мяне мама не здавала ў дзіцячы садок, таму сапраўды было цікава пагрузіцца ў шматлюдную атмасферу. Я адчуваў, здаецца, такі лёгкі шок. Меў поспехі, натуральна, у выяўленчым мастацтве і фізкультуры. А іншыя прадметы я неяк асабліва і разумець не хацеў. Хоць мне казалі, што я мог бы паспяваць у школе, але мне гэта было не цікава. Я быў далёкі ад геаметрыі і хіміі. Я быў хуліганам".

Беларускія музыкі на сваіх першых занятках у школе: архіўныя фота
Акцябронак Юра
Беларускія музыкі на сваіх першых занятках у школе: архіўныя фота
Юра ў тым самым гальштуку, які прымусілі "здымаць" за кепскія паводзіны

Галоўным "сачком" школы №1 горада Мінска была ў свой час фронтумэн Kriwi і беларуская рок-князёўна Вераніка Круглова:

"Калі я сачкавала, ведалі ўсе, што Кругловай няма. Ціхія троечнікі-чацвёрачнікі сачкавалі — ніхто не заўважаў. Маё сачкаванне заўважалі ўсе. Па паводзінах у мяне заўсёды было "незд." як і ва ўсіх нармальных дзяцей. У школу на "разборкі" заўсёды хадзіў тата, таму што ён у нас вельмі інтэлігентны і дыпламатычны таварыш і толькі ён мог знайсці правільны падыход да настаўнікаў".

Беларускія музыкі на сваіх першых занятках у школе: архіўныя фота
Вераніка ў малодшых класах
Беларускія музыкі на сваіх першых занятках у школе: архіўныя фота
Вераніка-піянерка
Беларускія музыкі на сваіх першых занятках у школе: архіўныя фота

Школа №1 у часы вучобы Веранікі была "харавой". Музычныя прадметы ішлі ў перамешку з агульнаадукацыйнымі. Самыя таленавітыя дзеці адразу траплялі ў канцэртны хор і практычна штодня выступалі на розных урадавых мерапрыемствах. Адпаведна, музычныя прадметы ў Веранікі былі самымі любімымі, як і настаўнікі музыкі.

Лідар J:Морс Уладзімір Пугач на сваёй першай школьнай лінейцы чытаў у мікрафон нейкі вершык і ганарыўся, што стаў старэйшым. Школу Уладзімір скончыў са срэбраным медалём!

"Любіў я маляванне ў малодшых класах, — кажа Уладзімір. — Потым чарчэнне. Даваліся добра матэматыка і фізіка. А вось з рускай, беларускай мовамі і літаратурамі не вельмі сябраваў, у тым сэнсе, што больш высілкаў даводзілася прыкладаць, каб з імі ўсё было ў парадку".

Беларускія музыкі на сваіх першых занятках у школе: архіўныя фота
Кандыдат у 1 клас Уладзімір Пугач

З-за паводзінаў бацьку Вовы некалькі разоў запрашалі ў школу. Але, хутчэй, для прафілактыкі, чым па нейкіх сур'ёзных прычынах:

"Заўвагі ў дзённіку, сляды на школьным касцюме ад мокрай анучы ў крэйдзе — усё як мусіць быць — звычайнае дзяцінства з уласцівымі яму "касякамі".

Беларускія музыкі на сваіх першых занятках у школе: архіўныя фота

Еўрарадыё віншуе ўсіх школьнікаў з пачаткам новага навучальнага года, раіць паважаць настаўнікаў, сачкаваць толькі па меры неабходнасці, хуліганіць у межах закона і быць нармальнымі дзецьмі, як нашы рокеры.

Усе фота прадастаўленыя музыкамі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі