Вы тут

Беларускія кіроўцы турыстычнага аўтобуса не могуць выехаць са Швейцарыі

pixabay.com

Кіроўцы турыстычнага аўтобуса з Беларусі не могуць вярнуцца дадому са Швейцарыі, піша TUT.by. 

Здарэнне адбылося 25 ліпеня. Паліцыя Швейцарыі спыніла аўтобус з беларускімі нумарамі. Выявілася, што ў яго няспраўныя тормазы. Аўтобусу забаранілі рух, пакуль няспраўнасць не будзе выпраўленая. Турыстам, якія ехалі з Партугаліі ў Беларусь, удалося вярнуцца на радзіму вечарам 28 ліпеня.

Кіроўцы Міхаіл Бабіч і Сяргей Шымчонак кажуць, што аўтобус на рамонце, яго ўладальнік не выплачвае ім камандзіровачныя. Мужчыны не разумеюць, ці плануе ўладальнік аплачваць рамонт, а без аплаты яго не аддадуць. Сваіх грошай на вяртанне ў іх няма. 

Кіроўцы кажуць, што пра няспраўнасць аўтобуса перад рэйсам не ведалі. Турфірма атрымала яго ад перавозчыка, з якім кампанія працуе паводле дамовы найму. Уся адказнасць за стан транспарту ляжыць на перавозчыку. 

Турфірма падкрэслівае, што дадаткова аплаціла сваім турыстам у Швейцарыі гатэль і знайшла іншы аўтобус, каб іх забраць. А вось кіроўцы з чацвярга застаюцца ў швейцарскім Лугана: начуюць у аўтобусе, эканомяць на ежы.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз кажа, што беларуская амбасада ў Швейцарыі займаецца сітуацыяй з самага пачатку.